Читать «Вячэра манекенаў» онлайн - страница 14

Раіса Баравікова

Вольга таксама пачула. За домам, зусім блізка загула машына. Але гул як узнік, так i абарваўся.

— Няма ніякай машыны,— сказаў Валера,— Прыдалося, Іванаўна... Я гляджу, цямнець хутка пачне. Выпраўляйце вы гэтых бадзяжнікаў, ды на другі паверх пойдзем, калі ўжо так трэба праводка вам.

— Электрычнасць правесці хочам,— загаварыла маці да жанчыны i не скончыла... Хтосьці яшчэ ўвайшоў у дом. На верандзе чуліся гучныя хуткія крокі, i, калі дзверы ў гасцёўню адчыніліся, Вольга ледзь не задыхнулася: бацька! На парозе стаяў бацька. Гэта ён i прыехаў на машыне. Яна столькі гадоў яго не бачыла, ад таго самага лета. Яны нават не перапісваліся, хоць стрыечная казала, што ён прасіў у яе іхні адрас, але так i не напісаў... Бацька зняў пінжак, шпурнуў яго на канапу. Затрымаў позірк на маці i, не зважаючы ні на кога, кінуў ёй злосна:

— Чамадан збяры!

— Ві-іця? — Маці паднялася з-за стала,— Я ж табе ўсё сабрала ў чырвоную сумку. Там дзве кашулі...

— Рэчы мае збяры! Дзе чамадан чорны?!

— На другім паверсе... чамадан чорны.

I бацька рынуўся на кухню. Адтуль пачаў паднімацца па лесвіцы на другі паверх. Вольга добра чула ягоныя крокі.

— Нічагусенькі не разумею... Якія рэчы? Я ж яму, Валера, усё сабрала...— i маці ўзяла Валеру за руку.

— Ай, не разу-умееш,— адазвалася Клаўдзя.— Ды кідае ён цябе, ідзе ад цябе... Мой першы таксама калісьці во так казаў: «Чамадан збяры...» Усе яны так гавораць. А нам жа даводзілі людзі: «Дзіцятка ўзяць яна хоча, a сям'і там няма, развальваецца! Люба нейкая ў яго ёсць!» — i ўжо да свайго мужа: — Пайшлі, Сцёпа, адсюль... Тут цяпер не да нас!

Яны пачалі выходзіць з-за стала... Жанчына падхапіла сваю сумку «Палёт». Мужчына паглядзеў на Валеру:

— І не наліў-такі, гад!

— Ідзі, ідзі...— адмахнуўся Валера i пачаў супакойваць маці: — Ды не слухайце вы гэтую цётку, Іванаўна! На тое i язык, каб малоць... На вас твару няма. Ды Пятровіч не такі, каб сям'ю кінуць.

«Нелегалаў» ужо не было ў гасцёўні. Вольга адчула, што ёй нясцерпна хочацца піць, нібыта выпекла ўсё ў ёй гарачае хваляванне, але кока-кола засталася ў рукзаку, які яна пакінула пад сцяною, каля груда бітай цэглы. Аблізвала перасохлыя губы i не адрывала вачэй ад маці: бедная, бедная мая мама! А бацька ўжо вяртаўся з другога паверха, ягоныя хуткія крокі чуліся на лесвіцы, потым на кухні i на верандзе. Пстрыкалі замкі чамадана. Але вось ён увайшоў у пакой:

— Дзе мае новыя туфлі?

— Відаць, у шафе, у спальні.- адказала маці. Яна ўсё яшчэ трымалася за Валеру. I бацька пайшоу у спальню, якая была туг жа, на першым паверсе, побач з гасцёўняй.

— Пятровіч, а-а Пятровіч? — Валера адвёў матчыну руку, i маці ўхапілася за спінку крэсла, а Валера зазірнуў у спальню.— Я тут... наконт праводкі зайшоў. Іванаўна кажа, што электрычнасць вам трэба на другі паверх правесці.

— Гэта ўжо толькі яе клопат,— адгукнуўся бацька. I, калі выйшаў ca спальні, сказаў, ужо звяртаючыся да маці: — Ты тут што хочаш, тое i рабі! Прасіў жа цябе, казаў... Не хадзі ні ў які радзільны дом! Якое дзіця табе трэба?! Куды ні паткнуся, толькі i чую пра нейкае ўсынаўленне! Не паслухала... Волькі табе мала... Дык жыві ты як хочаш!