Читать «Вячэра манекенаў» онлайн - страница 15

Раіса Баравікова

I маці бы прачнулася:

— Віця... Дык ты ж нічога ніколі не казаў супраць... Ты ўспомні... Mне i думалася... Я ж не магу нарадзіць, ты ведаеш... Давай спакойна... Ага-а... Я ж цябе сабрала... Я ж думала, ты ў Польшчу з Любаю зноў паедзеш... Ты ж казаў...

— Люба не будзе больш са мною нікуды ездзіць,— бацька сціснуў пад пахай каробку з туфлямі, ажно затрашчаў кардон.— Люба цяжарная...— падхапіў з канапы пінжак, выйшаў i яшчэ раз зазірнуў у гасцёўню,— У Чашнікі сам па Вольку паеду. Праз два тыдні прывязу яе!

I не прыехаў... Hi праз два тыдні, ні пазней. Ужо У сярэдзіне жніўня ў іхнім пасёлку Лясное пачалося адсяленне, i ў Чашнікі прыехала адна маці. А Лясное стала часткай зоны.

...З двара яшчэ чуўся гул бацькавай машыны. Валера дастаў з-пад стала пляшку «Сталічнай».

— Цяпер бы самы раз узяць чарку,— сказаў ён. Падумаў i паставіў «Сталічную» назад пад стол.— Не, вашай чапаць ужо не буду. Дома вып'ю... Дык мне ісці, Іванаўна?

— Я буду думаць, Валера, наконт праводкі,— адказала маці. Яна так i стаяла, трымаючыся за крэсла, i ўвесь яе выгляд казаў што яна ў сваіх думках дзесьці далека адсюль. Валера зразумеў што яму трэба ісці:

— Накажаце на цэнтральную, калі надумаеце...

Маці адразу, як толькі ён выйшаў з гасцёўні, апусцілася на крэсла, галава яе ўпала на стол, на складзеныя рукі, i валасы рассыпаліся на непрыбраныя талеркі. Але яна не плакала, толькі вырваліся надрыўныя словы:

— I дзе ж ты там... У тых Чашніках, мая дачушка-а?! Чаму ж цябе цяпер няма са мною? Дочачка мая, дочачка...

Вольга ўся напялася, гатовая закрычаць: «Я тут, ма-а. Ты ж ведаеш, што я тут... Побач! I пакутаваць табе не трэба, ма-а! Гэта ўсё даўно мінулася, даўно ўсё прайшло!.. Ма-а, ты ж ведаеш, што ўжо i бацькі даўно няма. Бацьку забілі нейкія бандзюгі ў дзевяноста чацвёртым годзе недалёка ад мяжы з Польшчаю, Табе пра гэта пісала стрыечная, а ты мне не сказала, ма-а. Не сказала! I Любы таксама няма. Люба ў дзевяноста шостым паехала прадаваць мяса ў Расею, у Варонеж, ма-а... I не вярнулася. Прапала, знікла Люба, i ніхто не ведае, што з ёю здарылася. Застаўся толькі іхні сын, ма-а, васьмігадовы Віцька. I Любіны сваякі ўладкавалі яго ў нейкі сірочы інтэрнат. Але я знайду Віцьку, ма-а... Віцька мне брат... Ён мой брат, ма-а!»

Вольга не стрымала сябе, кінулася да маці i... абняла пустату. I сама ўжо ўпала на тое старэнькае крэсла, галаву апусціла на стол, брудны, запылены, i рукі адчулі халодны фарфор нейкіх чарапкоў...

Вольга рыдала. А потым штосьці зазвінела, i яна падняла галаву. Ля серванта, выціраючы ручніком талерку, стаяла маці. I стол перад Вольгаю ўжо быў засланы знаёмым абрусам у дробную клетачку, а на верандзе хтосьці тупацеў...

— Чуеце, вы дома, Іванаўна? — у гасцёўню зазірнуў Валера,— Прасілі, каб зайшоў?! Мне перадалі... Я i не марудзіў.

— Прасіла, прасіла, Валера,— адгукнулася маці,— Ведала, што адразу прыйдзеш, таму i вячэру строю...