Читать «Вячэра манекенаў» онлайн - страница 12

Раіса Баравікова

— Ну з чаго ты ўзяла, што я плачу? — Яна прытуліла Вольгу да сябе.— Мы ўжо хутка паедзем з Алексам... А заўтра, калі раптам патэлефануеш, нас можа i не быць. Алекс хоча завезці мяне ў шпіталь, нешта такое ў мяне зноў, Волечка...

Маці з таго шпіталя ўжо не вярнулася. Але лёсу так было трэба, каб яна яшчэ раз пабачыла жывую маці, стала сведкаю вячэры, на якой калісьці яе не было. I гэта ніякая не галюцынацыя, з нервамі ў яе, вядома ж, усё ў парадку. I стомы яна ўжо не адчувала. Тады што ж гэта? Вычвары зоны ці што іншае, чаму няма вытлумачэння ў зямным жыцці? Вольга прыслухалася. За акном пачуліся крокі, i маці таксама пачула ix, бо прыўстала з крэсла, паглядзела ў акно...

— Што, Пятровіч ваш? — запытаўся Валера — Якраз на вячэру.

— Не, не павінен Пятровіч... Учора ў Гомель паехаў. Таварам загрузіцца i толькі па Любу ў Хойнікі заскочыць. Ён у Польшчы цяпер часцей, чым дома.— Маці прыслухалася...

З ганка чуліся галасы. Зарыпелі i ляпнулі дзверы на верандзе.

— Гэ-эй, тут хто ёсць?! — загрымеў мужчынскі голас.

I Вольга ўся затрапятала: людзі! А стрыечная ж папярэджвала, казала, калі яна сабралася сюды: «Ты там людзей бойся! Убачыш каго, адразу хавайся!» А куды ж яна тут схаваецца, i адразу мільганула думка: «Дзверы... На верандзе. Яны рыпяць. Толькі ж там ніякіх дзвярэй няма. Там чорны праём...» A ў гасцёўню ўжо ўваліўся мужчына. Ён нагадваў паляўнічага, толькі стрэльбы не хапала. Высокія гумовікі, кароткая куртка са штучнай скуры, няголены твар. Кінуў хуткі позірк на стол, потым гэтак жа хутка азірнуўся:

— Ты глядзі, Клаўдзя, мы акурат на пляшку! Нюх, што ў сабакі, у мяне.

I ў пакоі з'явілася Клаўдзя, маленькая, кірпаносенькая, кругленькая жанчына.

— А-яй-й! Нюх у яго! Разагнаўся, халяўшчык. Ты ж запытайся, ці Грынчукі гэта? Mo i не іхняя хата?

— Грынчукі,— адказала маці.— Хата нашая, а мужа няма дома...

— Дык нам ты i патрэбна, гаспадынечка,— узрадавана адазвалася жанчына. Яна была таксама ў гумовіках i ў шырокім, бы не ca свайго пляча, плашчы. У руках трымала вялікую сумку з надпісам «Палёт». Павярнулася да мужчыны.— У такой справе, як наша, лепш з жанчынаю гаварыць, ага, Сцепа?

— Пагаворым,— буркнуў той i ўжо да маці: — Ну... Гаспадынька... Таго... Можа, мы сядзем? — выразна паглядзеў на стол.

— I не думай! — Клаўдзя ўхапіла яго за рукаў, пацягнула.— Сюды во-о, на канапу сядай... У сумцы свая пляшка ёсць! — i паставіла сумку на падлогу ля каналы.

— Не, чаго ж? За стол сядайце,— няўпэўнена сказала маці.

I яны не прымусілі сябе ўпрошваць, адразу селі за стол.

— Валера, дастань там відэльцы,— кіўнула маці на сервант.— Табе бліжэй.

— Каўбасу i рукою можна,— адмахнуўся мужчына i ўзяў кавалак каўбасы.— A чаркі дастань! —i засмяяўся да Валеры,— Значыцца, «Сталічная»? Ты ведаеш, як мы ў маладосці яе называлі? «Беласнежка i сем гномаў!»

— Сціхні!— прыкрыкнула жанчына.— Гном смярдзючы! Слова не дасць уставіць! — i ўжо лагодна, склаўшы на грудзях рукі: — Мы цяпер у Падліпках... Ці была калі там?.. I прачулі... Прачулі, гаспадынечка, што дзіцятка ты сабе хочаш узяць. Ты ж i сёння ў Хойніках была... У радзільным доме. Пыталася, мо адказнічок які ёсць? Залаценечкая, нашу дзяўчынку вазьмі! Дачушачку дарагую... Пяць годзікаў ёй.