Читать «Вячэра манекенаў» онлайн - страница 16

Раіса Баравікова

I Вольга зразумела, што гэтая вячэра пачынаецца спачатку. Бясконцая вячэра... Як сказала маці: «Другі космас, а хто з жывых ведае, што робіцца ў космасе?» — i Вольга дадала ад сябе.— У гэтай зоне, кранутай атамам.

Валера прайшоў да серванта. Маці паставіла талерку на стол. Вольга паднялася... Яна ўжо была сведкаю гэтай вячэры. Азірнулася, затрымала позірк на матчынай постаці i пайшла да дзвярэй, але ў парозе спынілася, прытулілася шчакою да вушака. Гэта было развітанне з родным домам. Назаўсёды.

А праз некалькі месяцаў калі ўжо золатам апалага лісця адгараў кастрычнік, Вольга разлічвалася з вадзіцелем таксі ў міжнародным аэрапорце «Мінск-2».

— Ну, шчаслівай дарогі! — сказаў таксіст,— Мо чамадан паднесці? Я магу.

— Ён не цяжкі,— адказала Вольга i, падхапіўшы чамадан, падала другую руку хлопчыку, што стаяў з ёю побач.

— Пайшлі, Віцька! Зараз убачыш, як самі перад намі расчыняцца дзверы.

Віцька паглядзеў на яе:

— А я, як вырасту, вярнуся сюды, каб знайсці маму Любу?

— Вядома... Захочаш, дык вернешся.

I, калі шкляныя электронныя дзверы перад імі рассунуліся, Вольга прыпынілася i на адно кароткае імгненне азірнулася назад.

Цямнеў лес за далёкім полем, вілася асфальтаваная дарога, a бліжэй стаялі рады прыпаркаваных машын... Вірыліся ў сваім клопаце людзі, i не было сярод ix нікога, хто б развітальна памахаў ім рукою.

1999

ТЫ, Я I ВАЛОДЗЯ

Яны вярнуліся пад вечар, загарэлыя, радасныя. Адпачынак на Браслаўскіх азёрах відавочна пайшоў ім на карысць. Дачка, крутнуўшыся туд-сюд, адразу пабегла да сябровак хваліцца загарам. Сын засеў за тэлефон... А муж пачаў распакоўваць чамаданы: гэта — памыць, гэта — у шафу. Пачыналася звыклая будзённасць.

— Ну, усё!.. Чамаданы можна на балкон.

— А гэта? — яна позіркам паказала на нешта грувасткае, абгорнутае шчыльнай шэрай паперай, перавязанае тоўстым шпагатам,— Што ў цябе там?

Муж марудзіў з адказам, потым нешта мармытнуў невыразнае, пачаў развязваць шпагат.

— Ты толькі не смейся, Надзя,— сказаў ён.— Я зусім нечакана адкрыў у сабе талент.

— Цікава! Што ж гэта за талент такі?

Ёй сапраўды стала весела. Ейны муж, Аляксандр Сямёнавіч Вячорка, быў даволі звычайным сухаватым чалавекам. Праўда, гэта не замiнала яму загадваць аддзелам у даследчым інстытуце, своечасова абараніць дысертацыю па нейкіх рэдкіх мінералах, i вось на табе... талент!

— Угу-у... На самай справе,— Аляксандр Сямёнавіч нібыта ў нечым апраўдваўся.— Нейкі ген ува мне ўзяў i выбухнуў! — Ён усё разгортваў i разгортваў паперу.— I ўяўляеш, атрымалася! Першы раз узяўся за пэндзаль, а такое адчуванне, быццам усё жыццё толькі гэтым i займаўся! Адным словам, глядзі i ацэньвай.

Ад нечаканасці яна адхінулася. З кучы папер вытыркалася блішчастая жоўтая рама, a ў раме... Так, гэта быў партрэт незнаёмага ёй чалавека на фоне невыразнага кустоўя, у поўны рост. I першае, што ёй кінулася,— вясёлы, нават гарэзлівы позірк незнаёмца, які нібыта казаў: «Ну вось ён я... Такі, які ёсць. Будзем знаёмыя!»

А муж удакладніў: