Читать «Каханне (Кніга лірыкі)» онлайн - страница 3

Раіса Баравікова

* * *

А дзень на сад святлом пральецца, сцяжынка згубіцца між траў... Я ведаю: ён адгукнецца, ён з'явіцца, калі кахаў... Бо ці змагла б злятаць так лёгка язміну квецень на зямлю і я сярод прыроды вогкай, як і раней, шаптаць: «Люблю...»

ДЗЕНЬ. ВЕЧАР. РАНІЦА

* Застыў вясёлым роспісам алей. Спалох закалыхала слоў калыска. Стаў пэндзлік непатрэбным... Як Вы блізка! Тушуе густа дзень наша д а л е й... (аддаю ў запісную кніжку юнай паэтэсе, думаючы аб сваім...) * У вокнах вечар гаманлівы згас, і паглыбела пад паглядам неба. Папера, стол... Душа пяе пра Вас, ды Вам пра гэта знаць зусім не трэба. * А раніца прарвала ліўнем лета і на паляне ў рост пайшла трава. За хмарай шызай неба сінява... Я і такім пачаткам дня сагрэта. Жыццё — тартак, пілуе нервы час, адчай, мана і здрада — пілавінне... Я не зайздрошчу Вашай палавіне — жанчыне, што пры Вас не знае Вас. Затканы ліўнем сцежкі і дамы, пераспяваць прыроду я не ў сіле, хоць і ў слабога вырастае крылле ад думак, што зліліся лёгка ў «Мы»... Здалося, што па Вашаму загаду зляцеліся да вокнаў галубы, і, нібы кліч прызыўнае трубы, азваўся спеўна гром з-за далягляду. I ўпершыню баяцца вусны вуснаў. «Мы...» — выдыхае трапятліва рот... Жыццё — тартак, і ўсё — паадварот, ды мара не была б такой спакуснай. Шырэе неба ў вокнах ад святла, і гром, і дождж — бы й не было! — далёка.. Прачнуўся муж, пытае: «Дзе была?», адказваю: «Вярнулася з аблокаў».

* * *

Пра рознае, ды на паўгуках — спакойна, стала, без прыкрас, і сэрцам чуць, як стынуць рукі ад непазбежнага між нас. Я не баюся таямніцы, якая звязвае ўдвая... Не дай жа потым усумніцца, што я каханая твая. Невыпадковаю гадзінай, калі сам д'ябал нам радня... Узведзенай у ранг адзінай хачу запальваць неба дня.

ДАЎНЯЯ МЕЛОДЫЯ

Жаліцца скрыпка зусім як калісьці, навошта было называць дарагім?.. Шэпча арэшніку тонкае лісце пра тайнае нешта... у леце другім. Выблісне ўся ў незабудках лагчына, і бераг агучыць усплескам рака, гляджу на акно, там смяецца жанчына, бы на карціне Селешчука. У внесены к небу будынак па кручы, жаласна-жаласна скрыпка гучыць... Хай плача, бо, можа, жанчыну навучыць, як тут небяспечна смяяцца ўначы.