Читать «Каханне (Кніга лірыкі)» онлайн
Раіса Баравікова
Раіса Баравікова
Каханне
Кніга лірыкі
Падрыхтаванае на падставе: Баравікова Р. Каханне: Кн. лірыкі/Маст. В. Тарасаў.— Мн.: Маст. літ., 1987,— 174 с.: іл.
...Нас маладосць адорвае каханнем,
каханне нас вяртае ў маладосць.
* * *
Усё забыць — імгненна і адразу. — Дзень добры, асцярожна... Там газон,— і высмеяць заблытаную фразу, падняць на смех не модны парасон. Адвесці вочы ў гаманкім партэры, між іншым, пры размове пазяхнуць, прайсці — на ўздых — ад Вашае кватэры, але на вокны так і не зірнуць... Калі ж гарачым шалам успаміну абдасць шыпшыны трапятлівай пах, не важным стане, хто каго пакінуў, з гаркотай ці з надзеяй на губах. Дазвольце мне вярнуцца з лістападу, з завеі ці з дажджу ў будзённы час, каб доўг аддаць у глыбіню пагляду,—- замоўчанае: «Я КАХАЮ ВАС...»
РАБІНАВАЯ ГРОНКА
Рабіна гронкай распаліла світанак там, дзе лес радзее, я сёння зноўку паўтарыла урок няспраўджанай надзеі. Ты не адзін, а я зірнула так, як глядзяць на закаханых, нібыта ўпершыню адчула ласкавасць рук, навек адданых. Паўночны вецер быў лагодным, і турбавала толькі тое, што мой світэрак старамодны залішне змрочным быў са строяў. Шчаслівы міг чакаць кагосьці, хацела засмяяцца звонка, а ты не ўспомніў маладосці... Бывай, рабінавая гронка!
* * *
Нічагусенькі не зменіцца... Глеба будзе адтаваць. Будзе месячык над Сенніцай шклінкай зыркаю ўставаць. Не віхор з-за небакраю грозна голас падае, то з мяне мяне вымаюць вочы чорныя твае. Гаварыла: «Не пільную... А забудзеш — не бяда...» Думала, цябе шкадую, выйшла, што сябе шкада.
* * *
У спёку чэзнуць ля дарог кусты. У год скупы — год сніцца ураджайны.. Зімовы бераг голы і пусты, як чалавек, які пражыў без тайны. Былі ў яго работа і сям'я, ён быў руплівым і аддана-шчырым, але не чуў ніколі салаўя, які заве душу ў таемны вырай. Дзе нечакана выбухне аднойчы і захлісне віхура пачуцця... I ўсё жыццё пасля чытаюць вочы ў чужым паглядзе лепшы дар быцця.
* * *
Ні славай, ні бясслаўем не дарыў, спякотных руж улетку не прыносіў, пакінуў у акне святло зары, якою пахваліцца можа восень. I ўсё чамусьці думаў,— абакраў, і ўжо не раз спраўляў па мне хаўтуры, ды весела жыло ў маёй натуры святло, што паварочвала да спраў; да дзён, дзе вольна ў небе жаўруку, дзе матылькі над лугам карагодзяць... Бывай... Мне падае сваю руку наступнае трывожпае стагоддзе. Цяхцінскі бэз, дзяцей і ўнукаў смех, пяшчоту мужа і цяпло матулі, у родным лесе галасок зязюлі, а ў родным полі белы-белы снег, і мары, што з надзённага ляплю, і брэсцкую калючую шыпшыну,— усё вазьму, чым жыва, што люблю, ў той новы век,— толькі цябе пакіну... А тонкія маршчынкі на ілбе, што ўжо ніякай радасцю не сцерці, як знак адтуль, што мне там без цябе ужо не страшна будзе і памерці.