Читать «Каханне (Кніга лірыкі)» онлайн - страница 2

Раіса Баравікова

* * *

Не абяцаюць, калі ўсё — цацанка. Таксама я... Што даць табе магла? Шчыруе ў днях гарэзлівых каханка, а я табе каханаю была. Няхай мне доля мужнасць выкладае, жанчыне слёзы дадаюць гадоў... Стаю на раздарожжы маладая, а ў маладое — шмат заўжды шляхоў. Пражытае на дне вачэй хаваю, жыву з цяпельца даўняга святла... Забытая! Няхай. Затое знаю, што я табе каханаю была.

* * *

Дзіўлюся, нібы рэдкай навіне, зноў голас твой ці ветру свіст за схілам: «Хачу, каб ты журылася па мне і белы свет заўсёды быў нямілым». Нямілым свет? — і лотаці, і дрэў, дзе ўсё цвіло, то раптам адцвітала, бо я цябе яшчэ тады кахала, калі пра гэта думаць ты не смеў. Танюткай вольхі выгінасты ствол гайдаецца, бы сто ражкоў зайграла... Толькі тады і бачна хараство, калі душа адценні ўсе ўвабрала.

МАЗУРКА

Адкуль тут мазурка Шарэна? Галіны да шклін падплылі. Я вам абяцаю напэўна вярнуцца сюды хоць калі... У кожным садку Беларусі сягоння пазёмка ў гасцях, раскладваць гады не бяруся, ды ў нейкім — шчаслівы працяг начы, дзе блукае Спягурка... Я думала, гукі з-пад ліп, а гэта дыхнула мазурка,— то смех, то шаптанне, то ўсхліп... Як дзіўна жадаць летуценна таго, што яшчэ не прайшло, я знікну надоўга, а ў сценах запыніцца сэрца цяпло... Апрануты ў белыя буркі ўсе дрэвы, і кружыцца снег, надхоплены шалам мазуркі,— то ўсхліп, то шаптанне, то смех...

* * *

Здзіўляемся загадцы Баальбека і некалі загадкай станем самі, час замяце крылатымі вякамі імгненне, што завецца нашым векам. Парушацца глыбокіх нетраў дахі, тысячагоддзяў расхінецца полаг, адкрые нас дасужы археолаг, адкрыўшы нашых збудаванняў гмахі. I будзе зачароўваць рамяство майстроў, чые пагубяцца імёны, і вершы нашы будуць, як пісьмёны, што тояць дум высокіх хараство. Стварэння прага ў будучыню кліча, мой найхарошы, сэрцам не грашы, хачу заўсёды бачыць за абліччам мне любым — прыгажосць тваёй душы.

* * *

Бывала, ў ціхае начы маю пяшчоту разгаворыць, сам замыкаецца, маўчыць, нібы канала сэрца ў горы. Захутвалася ў лёгкі плашч, а на сцяжынах іней слаўся, і мне здавалася, што плач з губ непакорлівых зрываўся. Вярталіся ў халодны дом, там сцены дыхалі спакоем, але пякучай крыўды ком пужаў прыгнечаным настроем. Да тых начэй цяпер прыкута дасюль нязнаным пачуццём, ён быў тады маёй пакутай, ён стаў шчаслівым забыццём.