Читать «У ноч на Пакровы» онлайн - страница 9

Ніл Гілевіч

Розніца

Усе, што гавораць сягоння пра лёс беларускае мовы, дзеляцца на дзве палавіны: на тых, каму баліць і каму не баліць. Тыя, каму не баліць, — спакойна зусім філасофствуюць і разважаюць, аналізуюць і аргументуюць, нават пішуць трактаты. Ну, а тыя, каму баліць, — у прыступе болю кідаюцца ніцма на дол і плачуць надрыўна, і б'юць кулакамі зямлю... Вось і ўсё, і ўся розніца паміж тымі і тымі. Травень 2007 г.

Даруйце, мае дарагія...

Даруйце, мае дарагія: стаміўся я ўжо гаварыць — і ціха, і гучна, і вусна, і ў друку, — стаміўся. I ўсё ж паўтараю: Браты мае! Сёстры мае! Ды зразумейце ж нарэшце: пакуль мы не зробім дзяржаву сваю беларускай — нічога не мецьмем, нічога: ні годных заробкаў і пенсій, ні людскіх бальніц і медпунктаў, ні нават прыгожае песні... А вы ўсё не верыце, а вы ўсё яшчэ спадзяецеся, што станеце жыць чалавечым жыццём у небеларускай краіне... Ах, мае дарагія, мае дарагія! Ліпень 2007 г.