Читать «У ноч на Пакровы» онлайн - страница 7

Ніл Гілевіч

А ўзбекі рабілі дзяцей...

Паводле статыстыкі

(вельмі сур'ёзнай навукі),

у 1926-м было:

узбекаў каля чатырох мільёнаў,

а беларусаў — у тры разы больш

(гл. «Геаграфію» Смоліча).

I адны, і другія — і ўзбекі, і мы, беларусы, у наступныя годы і дзесяцігоддзі заняліся рупліваю працай. I тыя, і тыя — сваёй, не адною і той жа. Мы пачалі вырабляць з прывазнога металу станкі, — з прывазнога, вядома, свайго ж ані грама не мелі. I рабілі, рабілі, рабілі іх безлічы-безліч, бо трэба, сказала дзяржава, бо трэба, бо трэба, бо трэба... А ўзбекі тым часам рабілі дзяцей — то ісь, маленькіх узбекаў... Па заканчэнні вайны пачалі мы рабіць трактары і вялізныя аўтамабілі, не маючы нават і грама уласнай сваёй сыравіны, — можна сказаць — з нічога, I рабілі, рабілі, рабілі іх безлічы-безліч, бо трэба, сказала дзяржава, бо трэба, бо трэба, бо трэба... А ўзбекі тым часам рабілі дзяцей — то ісь, маленькіх узбекаў, і таксама — з нічога, ну ці амаль што з нічога: колькі там той сыравіны патрэбна на чалавечка?.. Пасля пачалі мы рабіць найвялікшыя ў свеце гумовыя шыны, не маючы, зноў жа, сваёй ні куска сыравіны, гэта значыць — з нічога. 10 гадоў, і 15, і 30 рабілі, рабілі, рабілі іх безлічы-безліч, бо трэба, сказала дзяржава, бо трэба, бо трэба, бо трэба... А ўзбекі тым часам рабілі дзяцей — то ісь, маленькіх узбекаў, і таксама — з нічога, ну ці амаль што з нічога, — колькі там той сыравіны патрэбна на чалавечка!.. I вось што мы маем, як колісь казалі, у скутку (у выніку, значыць): на сённяшні дзень беларусаў у тры разы менш, чым узбекаў, якіх ужо 30 мільёнаў. А помніце? Нас было ў тры разы больш, чым узбекаў, у тры разы болей! Але мы рабілі, рабілі й рабілі цяжкія машыны, не маючы ўласнай, сваёй ні куска сыравіны, — можна сказаць: з нічога. А ўзбекі рабілі, рабілі й рабілі дзяцей, то ісь, маленькіх узбекаў, таксама — з нічога, ці амаль што з нічога, — ну колькі там той сыравіны патрэбна на чалавечка?.. Вось і ўсё. I рабіце высновы, браткі беларусы. А што іх рабіць? Яны робяцца самі. Аднойчы, не так і няскора, на багаславёнай зямлі між Дзвіною і Прыпяццю, Бугам і Сожам будзе гучаць толькі родная наша узбекская мова. 2007