Читать «У ноч на Пакровы» онлайн - страница 8

Ніл Гілевіч

Мая дзіцячая рэпліка з гадоў акупацыі да ўчарашняй дыскусіі мужоў сталых

Напярэдадні Дня Перамогі у гэтым, 2007-м, знаўцы гісторыі нашай дыскусію распачалі — у свабодным эфіры: ці справядлівай ці несправядлівай была барацьба беларусаў супроць акупантаў нямецкіх? Ці трэба было беларусам ісці ў партызаны, падтрымліваць іх, адзяваць і карміць, абмываць і лячыць — і помсту праз гэта прымаць ад нямецкага войска. «А гэта, вы знаеце, як паглядзець на вайну і на мэту змагання», — пратарарэкаў спакойна, разважлівым тонам адзін дыскусійнік. «Так, так, — пагадзіўся яго суразмоўнік, па дыхту відно — тарарэка запраўскі. — Адзінай высновы няма, бо залежыць — якою хто праўдаю мерае. Што вёскі гарэлі з жывымі людзьмі — гэта дрэнна, вядома. Але — гэта наша ацэнка. А тыя, што гэта рабілі — рабілі з упэўненасцю, што праўда на іхным баку і што супраціў учыняць ім няможна. Ёсць праўда і праўда, і хто можа сёння сказаць: справядліва ці несправядліва?» Так разважалі дарослыя, адукаваныя людзі. Я слухаў — і мушу прызнацца: мне вельмі зрабілася сумна. Госпадзе Божа мой! На беларускай зямлі — на зямлі Трасцянца, Калдычэва, Хатыні, Азарычаў, «Ямы» — ім пра такую і гэткую праўду і льга тарарэкаць!.. Год сорак трэці. Сярэдзіна ліпеня. Грузны мардаты жандар допыт здымае з мяне — аплявухай, цяжэзнай, як пральнік дубовы, раз і другі, а пасля — падкаваным жалезамі ботам. Я ляжу (мне дванаццаты год), непрытомны, на пыльнай дарозе і, бы ў сне, чую лязгат затвора й імгненна расплюшчваю вочы: у твар мне глядзіць чорным колцам бліскучым сталёвае дула. Я хачу падхапіцца, а сілы няма, і ад жаху крычу безгалоса: «Дзядзечкі! Міленькія! Вы пра што тарарэкаеце? Пра якую — такую і гэткую — праўду?» Сорак трэці. Набраклы дажджамі, разбухлы кастрычнік. «Немцы! Немцы! Хутчэй уцякайце!» — крычаць і бягуць праз балота, да ўзлеску, мужчыны. За дарослымі ўслед я таксама бягу па куп'істым балоце, задыхаюся, падаю, ногі правальваюцца па калена ў дрыгву, адстаю, усё болын адстаю, адчуваю: не збегчыся мне, не ўцячы, не ўцячы, і, ахоплены жахам (о, жах неўратунку!) штосілы крычу безгалоса: «Дзядзечкі! Міленькія! Вы пра што тарарэкаеце? Пра якую — такую і гэткую — праўду?..» Травень сорак чацвёртага. Пушча дрымучая. Дзіч векавы. Сяджу між кустоў багуну, у сцюдзёнай рудаўцы па грудзі. Ногі нямеюць і дзеравянеюць ад лютага холаду, іх ломіць нясцерпна-пранізлівым болем, ды мушу маўчаць, бо нельга заенчыць, бо ўчуюць, праходзячы поблізу, карнікі. I ўсё ж я крычу — з той рудаўкі, з той багны ў дзічы векавечным: «Дзядзечкі! Міленькія! Вы пра што тарарэкаеце? Пра якую — такую і гэткую — праўду?..» Наіўны хлапчук быў. Таму і крычаў: ну а раптам пачуюць? А раптам пачуюць і ўспомняць пра суд у Нюрнбергу?.. 2007