Читать «У ноч на Пакровы» онлайн - страница 5

Ніл Гілевіч

Чым больш я на свеце...

Чым больш я на свеце і жыў і мадзеў — ішачыў, цярпеў і змагаўся, — тым болей да праўды дабрацца хацеў, да праўды ўсім духам ірваўся. З хлусні і з абману, з аблуды сляпой — да праўды, да праўды штосілы! Да самай вялікай, галоўнай, да той, што кожнага лучыць з усімі. I вось яна ўрэшце адкрылася мне — ні чым не прыкрытай паўстала. У поўнай істоце. Ва ўсёй галізне. ...I праўда мяне зруйнавала. Студзень 2007 г.

А маладых усё хапаюць...

А маладых усё хапаюць, Усё хапаюць і хапаюць — Па двух, па трох, Па пяць, па дзесяць, — Усё хапаюць і хапаюць, I ў ізалятар запіхаюць, I люта палкай лупяць-месяць, Каваным ботам б'юць пад дых — «Закону» вучаць маладых. I зноў хапаюць і хапаюць, А маткі бедныя ўздыхаюць І горка плачуць: гора нам! Але сваім арлам-сынам Вымоў-папрокаў не кідаюць, Бо добра ведаюць яны — Калі ў пакутах слёзы роняць, — Што толькі мужныя сыны Іх гонар матчын абароняць. Сакавік 2007 г.

У дзень найвялікшага свята

Лірычны рэпартаж

У дзень найвялікшага свята Народа, Краіны, Дзяржавы Я сведчу аб злосці зацятай Да нашай свабоды і славы. Як дзікі табун, наляцелі Малойцы ў рубцах уніформы, Каб гвалтам пазбавіць надзеі Наш юны народ непакорны. У дзень найвялікшага свята Народа, Дзяржавы, Краіны Я сведчу, што сцяг наш крылаты Не здолелі сплюндрыць грамілы. І вочы старога паэта Макрэюць не з роспачы чорнай, Не, людзі, — ад гонару гэта За юны народ непакорны. 25 сакавіка 2007 г.