Читать «У ноч на Пакровы» онлайн - страница 3

Ніл Гілевіч

Пра порткі

Між калег, крутых і порсткіх, Я — апошні на паяўцы, Хто насіў са зрэб'я порткі, Фарбаваныя ў рудаўцы. Так, іх шылі мне са зрэб'я. А каб выгляд мелі файны — Фарбаваць было іх трэба У рудой балотнай твані. Вось іх мама й фарбавала У імшарным іржавінні. Як я ў іх фарсіў, бывала, — Зразумець вы ўсё ж павінны. Як ішоў я па дзядзінцы — Мне ўвесь свет тады зайздросціў. Больш, чым вам у новых джынсах У зялёным тым жа ўзросце. Пэўна, больш. I болын я імі Даражыў. Хаця б за тое, Што другіх не меў. Аднымі Быў шчаслівы пагатове. Памяць, свенчаная ў горы, — Штука, знаеце, такая, Што каторых-некаторых Аж па смерць не адпускае. I дыктуе ўсё ім: густы, Меркі, прынцыпы, пагляды. Бо — датуль і беларус ты, Покуль помніш лёс пракляты. Ну, а іншых цешыць, жывіць Дух зусім-зусім інакшы. Памяць фарбамі чужымі Перакрэслілі крыж-накрыж. І шыкуюць, духу продкаў Паспяхова рады даўшы... Я — не з іх. Я — родам з порткаў, Фарбаваных у рудаўцы. Кастрычнік 2006 г.

У ноч на Пакровы

Вось і холад. Скора снег сцежкі зацярусіць. А чаму чуццё віны точыць — не здаўмею. Што я мог, ды не зрабіў дзеля Беларусі? Божа моцны, падкажы — мо яшчэ паспею... 14 кастрычніка 2006 г., пад раніцу

Санет беларускаму мёду

П. У. Вяленку

Назло ўсім немачам, што пачалі Усё мацней адольваць з кожным годам, Назло напасцям розным і нягодам — Жыву! Нячысцікі йшчэ не ўзялі. Жыву таму, што, як дзіця ў сям'і, Апекаваны ўсім пчаліным родам, Штодня лячуся беларускім мёдам — Лячуся ласкай роднае зямлі. Цудоўны лек! Любы, хто паспытае, — Гарчынку знойдзе ў слодычы яго. Па ёй і цэняць мёд. Але з чаго, Адкуль бярэцца ў ім гарчынка тая? Мо з гэных зёлачак, што ў розгар мая На курганах-капцах цвітуць штогод? Снежань 2006 г.

Слова з нагоды атрымання ордэна князя Яраслава Мудрага