Читать «У ноч на Пакровы» онлайн - страница 2

Ніл Гілевіч

Мне патрэбен цар

Сам я хто? Мізюрка! Дробная казюрка! Павучок. Жучок. Мошка. Чарвячок. Ні сабе й нікому — Я не гаспадар. Для парадку ў дому Мне патрэбен цар. Ён усё мпе скажа — Як і што рабіць, I куды, пакажа, Бацькаўшчыну збыць. 2006

Марадзёры

I ўдзень і ўначы марадзёры арудуюць скрозь, марадзёры! I сярод белага дня, на вачах у людзей, і ў цямрэчы, таемпа. Марадзеры — адвеку вядомае гнюснае племя, зводу якому няма. Марадзёры рабуюць мёртвых — здзіраюць адзенне, абутак і іншыя рэчы. Звычайна, з палеглых на бойным полі і яшчэ не зарытых у дол ваяроў. Але ў гэтых, у сённяшніх нашых, разлік адмысловы: гэтыя з мёртвых сыноў і дачок Беларусі зрываюць нацельныя крыжыкі — амулеты багаславення, — іх веру, іх гонар, іх памяць. Сарванае — прадаюць: золата ўсё ж такі! Ці ссрабро. Ну а хоць бы і медзь... Гэтым патрэбна паспець душы абрабаваць. 2006

Расхмарыцца...

Расхмарыцца, сыдзе-сплыве за далёкі, сляпы і глухі небасхіл чорная навісь, і выблісне сонца, пасля — і зусім распагодзіцца, і будуць пазумкваць вясёлыя пчолкі і лянотна-паважна пагудваць у тон ім чмялі, — на нашай, усё яшчэ ў красках і зёлках, зямлі. 2006

Аб рыфме «свабоду — народу»

Я адплаціў народу,

Чым моц мая магла:

Зваў з путаў на свабоду,

Зваў з цемры да святла.

Янка Купала

Вы памыляецеся, пане наватар, Калі, на пацеху якому звыроду, Смяецеся з рыфмы «свабоду — народу» Як з прымітыўнай, нічога не вартай. Можа, у нашай мове ёсць Лепшая да слова «народу» сугучнасць? Лепшая зместам і духам спалучнасць? Дык засведчыце: вось яна, вось — Болей сэнсоўная, Больш адпаведная, Болей змястоўная, Больш запаветная... У нашай паэзіі, пане, «Свабоду — народу» — Не проста сугучча. Гэта — лёс, Гэта — кон, Гэта — клятва: Ніводным радком не сагнуцца. У нашай паэзіі Самая моцная рыфма — Тая, што з сэрца, Якое ад болю ахрыпла. Як у Купалы ў трынаццатым, У дваццатым і дваццаць шостым... У нашай паэзіі Самая страшная доля — Застацца «малым-недарослым». Калі будзеце шчыра маліцца Беларускаму богу Сварогу, Вы прыйдзеце — Веру і не хачу памыліцца — Да сугучча «Народу — Свабоду». Да яго ідуць праз пакуты, Праз боль ідуць люты, пякучы, Да сябе не знаючы літасці, Душу вызваляючы з сытасці... Зрэшты, кожнаму рупіць сваё, Можна й гуляць У вершыкі-хахачкі, Хіхачкі, хохмачкі... Іх безліч на свеце — Лматараў пазабаўляць, Сугуччы няведамыя знаходзячы. Дык гэта на свеце! А ў Беларусі да слова «народа» Сёння адзінае трэба сугучча: С В А Б О Д А ! Ліпень 2006 г.