Читать «У ноч на Пакровы» онлайн - страница 14

Ніл Гілевіч

Грае Ірына Шуміліна

Вечар цячэ не хвілінамі — Музыкай дзіўнай цячэ. «Брава, Ірына Шуміліна! Просім што-небудзь яшчэ!» Сэрцам да сэрца прыхілена Зала ў прызнаннях любві. Дзякуй, Ірына Шуміліна! Божа цябе блаславі! Ах, як натхнёна, акрылена Гукі ўзлятаюць з-пад рук! Грай жа, Ірына Шуміліна! Грай! Каб жыла Беларусь. 2005, 2007

Наша з табою

Кожная светлая згадка пра наша з табою — Болем удзячнасці лёсу праз сэрца праходзіць. Болем, але не пакутным, а толькі салодка-шчымлівым. Болем, які мне гаворыць, што быў я папраўдзе шчаслівым. Кожная горкая згадка пра наша з табою — Болем раскаяння і шкадавання мне сэрца сціскае. Болем-высновай, гарчэйшай ад самага горкага болю, — што не пачну ўжо я нанава, з розумам, наша з табою. Дзякую, Божа прасветлы, што перад дарогаю вечнай Ты ўзнагародзіў мяне гэтай мукай жывой, чалавечай. 2007

I хочам...

Прасякліся з дзяцінства Чужым, дурным, атрутным — I хочам мець адзінства У гэтым часе скрутным. I заклікаем-клічам Да ўсенароднай згоды — Без мовы, без аблічча, Без праўды, без свабоды. 2007

I будзем...

I будзем мы ўсе, дарагія-шаноўныя, Амбіцыяў, сілы, энергіі поўныя, Да скону за волю і долю змагацца, А ворагі будуць з нас толькі смяяцца. I будуць, павырасшы, дзеткі шаноўныя, Амбіцыяў, сілы, энергіі поўныя, Таксама за волю і долю змагацца, А ворагі будуць з іх толькі смяяцца. I будуць нашчадкі нашчадкаў шаноўныя, Амбіцыяў, сілы, энергіі поўныя, За волю і долю Радзімы змагацца, А ворагі будуць з іх толькі смяяцца. Так будзем і будзем змагацца з прымусамі, Пакуль не адчуем сябе беларусамі I сцягам, бяссмертным, як сэрца Хрыстова, Не пусцім паперадзе Роднае Слова. Кастрычнік 2007 г.

* * *

Даруй, Гасподзь, і ты даруй-прабач, Анёл далёкі мой, павек адзіны, Што часам здрадна падступае плач У горкіх роздумах пра лёс Радзімы. Я чую, чую голас твой з нябёс: «Табе няможна так! Не маеш права! З любві і гневу, а не з плачу й слёз Ва ўрочны час здзяйсняецца Дзяржава». Кастрычнік 2007 г.

* * *

З чаго пачаў калісь, тым і канчаю. Пакуль пяро не выпала з рукі — Табе, народзе мой, я прысвячаю I самыя апошнія радкі. Жыві! Працуй! Твары свой лёс уласны! Сам, сам сабе дарогу пракладай! I слова роднае як дзень свой ясны Да скону свету пагасіць не дай! 15 кастрычніка 2007 г.