Читать «У ноч на Пакровы» онлайн - страница 12

Ніл Гілевіч

Згадка пра паланез

Не перанесці... Не вытрываць... Сэрца заходзіцца. Млее ў грудзёх. Сілы, здаецца, пакінуць вось-вось і ператнецца дыханне... Як жа так сталася? Як жа так сталася, што без цябе слухаю гэтую боскую музыку? Сам. Без цябе. Тваё крэсла пустуе. А поміпо: як трэба было мне, як мусіў я пераглянуцца з табой, каб убачыць, як ты выціраеш хусцінкаю слёзы — ад шчасця, што чуеш яе, гэтую боскую музыку... У тыя хвіліны я сам быў бязмежна шчаслівы. I ўдзячны бязмежна — Радзіме, Табе і Агінскаму. 2006-2007

Дзіўнае штось

З нейкага часу, дакладна не помшо, ужо даўнавата, — як пачала набліжацца ізноў, у чацверты ўжо раз, самая горкая, самая страшная, самая чорная дата — дзень, калі ў сэрцы маім і апошні праменьчык пагас, — дзіўнае штось адчуваю я ўсёю істотаю з лёсам нязгоднай: быццам зусім не да сумных угодкаў тваіх трэба ладзіцца мне — не да прывычнага ўжо пакланення магілачцы роднай, а да чагосьці такога, што толькі здараецца ў сне. Быццам бы, быццам, нарэшце, і скончыцца наша расстанне-разлука. Скончыцца гэтая наканаваная мне неадкупная мука. Ліпень 2007 г.

* * *

Для чаго ты мне іх падарыла — гады дажывання? А гэта мне ты падарыла іх, ты, толькі ты! Ну але для чаго? Для таго, каб я мог яшчэ нешта зрабіць — трывалей, чалавечней? Для таго, каб хоць трохі грахі замаліць перад Богам? Ці мо ўсё ж для таго, каб яшчэ і яшчэ раз я мог прыгадаць, якой ты шчаслівай была у студэнцкія нашы гады? Раней так выразна і гэтак балюча чамусь не прыгадвалася. 2006-2007

* * *

Калі, дасць Бог, для памяці тваёй яшчэ зраблю я тое, што хачу — без крыўд сыду на вечны супакой і перад лікам Маці Прасвятой апошні раз удзячна памаўчу. Жнівень 2007 г.