Читать «У ноч на Пакровы» онлайн - страница 15

Ніл Гілевіч

Да расправы над інстытутам літаратуры ў НАНБ

Каментар з формулай

Чым спрычынена расправа? З-за чаго мінтрэга? «Абязгрошыла дзяржава! Эканоміць трэба!» Ну, вядома! Ну, канешне! Хоць банкуем вёртка — Дзе ж тых грошай набярэшся? Вось і стала пёрдка! Грошы збеглі на будоўлю лядовых палацаў. А астатак — на гадоўлю блазнаў і паяцаў. Нават у Джымбабвабуры — голым і галодным — Інстытут літаратуры лічыцца галоўным. Дык яно і зразумела: знаюць, папуасы, што без Слова маса цела роўна целу масы. Гэту формулу скумекаць мы йшчэ не гатовы. Лепей будзем бэкаць-мэкаць без душы і мовы. 2008

Сувязь

Ён даўно ўжо за даляглядам — час дзяцінства і маладосці, калі я атруціўся ядам, праніклым і ў кроў і ў косці. Той бязрэчыўны яд ёсць сумесь гадства, подласці, страху смерці... Адчуваю жывую сувязь ядавітых эпох у сэрцы. 2008

Але...

Маладым музыкам

Вы спрабуеце сцвердзіць сябе у якойсьці вар'яцкай гудзьбе. Гэты сквіл, гэты віск, гэты скрогат не прымаю зусім. Не цярплю. I — нічога з сабой не зраблю. Толькі суд мой не бэсціце строга: ёсць АЛЕ. Я — свабоду люблю. У тым ліку — і вашу ў спробах. 2008

Дзякуй, брат!

Хто там «рэкнуў» (мабыць, з нецвярозу), што зачахла ніва Мастака? Пачытайце ў «Дзеяслове» прозу майстра-мага Віктара Казька. Я — чытаў, і, не стрываўшы болю, сэрца растрымцелася да слёз. Дзякуй, брат! Так цяжка, як з табою, я даўно ўжо не ўспрымаў наш лёс. 2008

Зварот

Пакладзіце, братцы людзі, вы руку сабе на грудзі, пакладзіце! — і сабе ж, насупраць ночы, у душу, як Богу ў вочы, паглядзіце! І скажыце-адкажыце на адзінае пытанне адназначна: бачна вам дарога ў жыце, на якой — выратаванне, ці не бачна? Як не бачна — Божа правы назаве вам прыклад чыну — дзейсны, годны, як ад ганьбы і няславы бараніць сваю айчыну, край свой родны. Калі зноскі ў сытым блудзе і апошні трацяць сорам, злыдні-зноскі, — Каліноўскі хай вам будзе чэсці й гонару узорам! Каліноўскі! 2008

Па загадзе беларусажэрцаў

Памяці Ф. Аляхновіча

Думаў, схаджу: пагарую, але ж і парадуюся, у тэатры на вечары, Яго нараджэнню, яго юбілею, яго ўсенароднай любові прысвечаным. Думаў, нарэшце, нарэшце, дзяржава й грамадскасць як трэба ацэняць Волата-майстра крынічнага слова на першай асвенчанай сцэне. Хоць са спазненнем вялікім, а ўсё ж аддадзім, аддадзім мы Даніну павагі і ўдзячнасці слаўнаму сыну Радзімы. Дык аддалі, аддалі... Як і ўсім яго браццям... Ні слова, ні гуку — Ні на падмостках, ні з тэлеэкрана, ні з хваляў эфіру, ні ў друку. Помню, помню, было... У газетцы ляснога райкама чыталі, Што выканаўцы «народнае помсты» і ў Вільні дасталі Аўтара кнігі, на свет нашумелае, — «У кіпцюрах ГПУ»: Ноччу забойца пранік у кватэру і стрэліў яму ў галаву. «Вось, атрымай незалежную дэмакратычную Крывію, дзеля якой Ты ўсё жыццё парушаў наш прывольны імперскі спакой!» Так быў забіты пісьменнік-пакутнік, пісьменнік-легенда — Прыклад высокі і ўзор беларускага інтэлігента. Гэнай парой, пад нямецкай навалай, у часе крывава-крутой калатнечы, Тайны загад «асабоўцам» прыслала Лубянка, да жудасці нечалавечы: «Немцаў то мы разаб'ем і прагонім, тут ясна, няма і пытання. Трэба хутчэй як мага паспяшацца і вынішчыць, выбіць дазвання Тых беларусаў, што маюць крывіцка-ліцвінскую памяць I даражэй за жыццё сваю мову крывіцкую ставяць. Каб нам ніякага клопату з імі пасля перамогі не мець — Біце цяпер іх, асуджаных нашай імперскаю воляй на смерць!» Дык жа і білі! Дзе толькі дастануць — пускалі нявінную кроў З кніжнікаў, школьных настаўнікаў, з мудрых асветнікаў і святароў. I святароў... Ну, а далей — як у казцы: дзе ўклала гвалтоўная смерць аднаго — Там трое паўстала — і з духам, і з верай, і з мовай народа свайго. Дзе трое нявінных, у муках, гвалтоўную смерць прынялі — Там дзевяць паўстала — і з духам, і з верай, і з мовай бацькоўскай зямлі. Дзе дзевяць гвалтоўнаю смерцю паклалі на доле, палітым крывёй, — Там сотня паўстала — і з духам, і з верай, і з мовай Краіны сваёй. Дзе сотня гвалтоўнаю смерцю лягла — там паўстаў, там падняўся народ, — I духам, і верай, і мовай — крывіцка-ліцвінскі на тысячы год! Чаго ж дасягнулі забойцы? Вечнае ганьбы сабе. Сакавік 2008 г.