Читать «У ноч на Пакровы» онлайн - страница 16

Ніл Гілевіч

За што? I — дакуль?

I ўсё ж: за што, сусед, за што Ты так не любіш і не церпіш, Што аж гатоў дашчэнту сцерці, Душы крывіцкай хараство, — Яе святло, што ззяе ў мове, У кожным гуку, кожным слове, Развой яе нязводных дум, Яе адвечны смутак-сум, Яе любоў і міласэрнасць, Яе язычніцкую вернасць Сваім багам, сваёй зямельцы, Сваім сцягам, сваёй сямейцы? За што ж ты так яе, за што — Ужо не год, не пяць, не сто? Ні зразумець, ні разгадаць. І краю здзекам — не відаць. Але ж і мы! Дакуль мы будзем Над нашым Словам гвалт трываць? Дакуль дадзім гнясці-трымаць Душу крывіцкую ў астудзе? Ці не пара, ці не пара Паклікаць з кожнага двара На Ўсекрывіцкі Сход пасла — Тысячакроць каб узрасла Сілішча нашай грамады, Каб мову — сімвал нашай волі Навекі вызваліць з бяды, Каб аніхто ўжо і ніколі — Ні хан, ні хам, ні сват, ні брат Не смеў яе за горла браць! Сакавік 2008 г.