Читать «Бiльярд а палове дзесятай» онлайн - страница 71

Генрых Бёль

Музейныя служкi ў гала-лiўрэях стаялi збянтэжана перад творамi Рэмбранта, Ван Дэйка i Овэрбека; у паўзмроку перад канферэнц-залай стаяў Мэйзер, трымаючы срэбраны спод з кiлiшкамi, каб перад абвяшчэннем прысуду падаць нам каньяк; Мэйзер усмiхнуўся мне, ашчэрыўшы зубы; у нас не было нiякай папярэдняй дамовы, але хiба ён не мог тым не менш падаць мне якога-небудзь знака? Кiўнуць альбо патрэсцi галавою — перамога цi не? Нiчога не было. Брэмокель шаптаў нешта Волерзайну, Грумпэтэр загаварыў з Мэйзерам, упiхнуў срэбраную манету ў Мэйзераву абыякавую далонь, якую я ненавiдзеў яшчэ дзiцём; цэлы год мы разам з iм слугавалi пры ютранi; старыя сялянкi мармыталi недзе каля сцен, упарта малiлiся на свой ружанец, парушаючы прадпiсаны парадак лiтургii. Да нас даносiўся пах сена, пах малака, цяпло хлява, калi мы з Мэйзерам нахiлялiся ўперад, каб, мармычучы: "mea culpa, mea culpa, mea maxima culpa", бiць сябе ў грудзi за вiну нявыказаных грахоў; а калi пробашч узыходзiў прыступкамi да алтара, Мэйзеравы рукi, што цяпер моцна абхапiлi Волерзайнаў срэбранiк, рабiлi непрыстойныя рухi — то былi рукi, якiм сёння давяралiся ключы ад гарадскога музея, ключы ад Гольбайна i Гальса, Лохнера i Лайбля.

Са мною нiхто не размаўляў; мне засталася адна халодная мармуровая балюстрада, на якую я абапiраўся; я глядзеў долу, на ўнутраны двор, дзе бронзавы бургамiстр з няўмольнай паважнасцю выстаўляў сваё пуза насустрач стагоддзям, а мармуровы мецэнат мастацтва апусцiў павекi на свае, падобныя да жабiных, вочы, дарэмна спрабуючы выклiкаць гэткiм чынам уражанне глыбокай задуменнасцi; вочы помнiка былi пустыя — нiбы вочы рымскiх мармуровых матронаў, што сведчаць пра пакуты, якiя нясуць з сабой больш познiя культуры. Мэйзер пачыкiльгiкаў да сваiх калегаў; Брэмокель, Грумпэтэр i Волерзайн стаялi шчыльна адзiн каля аднаго; снежаньскае неба над унутраным дваром было яснае i халоднае; з вулiцы чулiся галасы першых у гэты вечар п'яных мужчынаў; дылiжансы кацiлiся ў бок тэатра; пяшчотныя жаночыя твары пад вэлюмамi рэзедовага колеру былi асветлены радасцю чакання «Травiяты»; я стаяў памiж Мэйзерам i тымi трыма пакрыўджанымi, як карослiвы хворы на праказу, дотык якога нясе смерць; я нудзiўся па строгай лiтургii майго дзённага распарадку, калi я адзiн яшчэ трымаў у сваiх руках нiткi гульнi, калi я мог яшчэ рэгуляваць iснаванне i не-iснаванне, дазiраваць свой мiф; я перастаў быць гаспадаром гэтае гульнi; скандал; пагалоскi; абатавы крокi ў маiм кабiнеце; падрадчыкi-будаўнiчыя дасылалi мне ў працоўны кабiнет кашы з харчамi, залатыя гадзiннiкi ў чырвоных аксамiтных карабочках; адзiн напiсаў мне: "…i, вядома ж, я не адмовiў бы Вам, калi б Вы прасiлi рукi маёй дачкi…" "Правая рука iх поўная дарункаў".