Читать «Бiльярд а палове дзесятай» онлайн - страница 70

Генрых Бёль

Фiлiжанка, толькi што зноў напоўненая каваю, болей не дрыжала; вiдавочна было спынена друкаванне будаўнiчых дакументаў альбо выбарчых плакатаў на белай паперы; у раме малюнак не змянiўся: насупраць — пустая тэраса Кiльбавага дома; каля альтанкi — стомленая квецень настурцый; профiль лiнii дахаў, на даляглядзе — горы пад прамянiстым небам: у гэтай раме са зменнымi малюнкамi мне даводзiлася бачыць сваю жонку, пазней — сваiх дзяцей; даводзiлася бачыць цесця i цешчу, калi я часам падымаўся ў рабочы кабiнет, каб калi-небудзь зазiрнуць цераз плячо руплiвым маладым архiтэктарам, што дапамагалi мне, i спраўдзiць iх калькуляцыi, вызначыць тэрмiны; праца закранала мяне гэтаксама мала, як i слова «мастацтва»; iншыя маглi выконваць яе так, як i я; я добра iм плацiў ды нiколi не разумеў фанатыкаў, што ахвяравалi сябе слову «мастацтва»; я дапамагаў iм, пасмейваўся з iх, даваў iм працу, але зразумець iх? Hе, я не мог гэтага: я разумеў толькi, што ёсць рамяство, хоць лiчыўся мастаком, i мяне шанавалi як мастака; хiба вiла, якую я пабудаваў для Гральдуке, не была сапраўды арыгiнальнаю, сучаснаю? Была, вядома: i нават мае па-мастацку здольныя калегi захаплялiся ёю i хвалiлi; я ж падрыхтаваў праект, пабудаваў вiлу, не ведаючы нават увогуле, што такое мастацтва; яны ўспрымалi гэта занадта сур'ёзна — мажлiва, таму, што яны добра разбiралiся ў гэтым, аднак будавалi брыдкiя скрынi, якiя — я ведаў гэта добра ўжо тады — праз дзесяць год будуць выклiкаць ва ўсiх толькi пачуццё агiды; а я ўмеў часам закасаць рукавы, стаць пры гэтым рысавальным стале i спраектаваць, напрыклад, адмiнiстрацыйны будынак для фiрмы "Сас'етас" — "самай карыснай з усiх карысных грамадству"; тады гэтыя прыдуркi, што лiчылi мяне за прагнага да багацця i славы вясковага лапця, разяўлялi раты ад здзiўлення, i мне да сённяшняга дня не сорамна за гэтую скрыню, збудаваную мною сорак шэсць год таму; цi гэта мастацтва? Няхай сабе гэта будзе мастацтва, але я нiколi таго не ведаў, хоць, магчыма, несвядома i ствараў яго; але гэтага слова я нiколi сур'ёзна не ўспрымаў — гэтаксама як не мог зразумець шалёнай злосцi, якую мелi на мяне тыя тры карыфеi архiтэктуры; Божа мой, цi можна было не дазволiць гэткай маленькай гульнi, цi Галiяфы былi цалкам пазбаўленыя пачуцця гумару? Яны верылi ў мастацтва, а я — не; iх пачуццё гонару было абражанае якiмсьцi прыблудам. Але ж кожны павiнен быў аднекуль прыблудзiцца! Я адкрыта смяяўся, бо ўцягнуў iх у сiтуацыю, дзе нават маё паражэнне магло зрабiцца перамогаю, а перамога трыумфам.

Я амаль спачуваў iм, калi мы падымалiся па сходах у музеi; мне было цяжка надаць маiм крокам гэты паважна-ўрачысты рытм, да якога тыя, пакрыўджаныя, былi прызвычаены; гэты рытм крокаў, якiя ўжываюць, iдучы па сходах кафедральных сабораў услед за каралямi i бiскупамi; рытм крокаў пры ўрачыстасцях з нагоды адкрыцця помнiка, рытм крокаў, напоўнены ўмеркаваным хваляваннем, не занадта хуткi i не занадта павольны; я гэтага не ведаў i куды б ахвотней узбег па сходах, нiбы шчанюк — па тых каменных прыступках, каля стодаў рымскiх легiянераў, чые паламаныя мячы, дзiды або жмуты розаг можна было ўважаць за паходнi; каля бюстаў кесараў, злепкаў дзiцячых магiл на другi паверх, дзе памiж нiдэрландцамi i назарэцянамi мясцiлася канферэнц-зала; грамадзянская сур'ёзнасць; недзе ў глыбi памяшкання павiнны былi зараз загрукатаць барабаны — менавiта гэтак узыходзяць па прыступках алтара i па прыступках эшафота, гэтак узыходзяць на трыбуну, каб прыняць ордэн альбо выслухаць смяротны прысуд; гэтак ставяцца ўрачыстасцi ў аматарскiх спектаклях, але тыя, што крочылi побач са мною, не былi аматарамi, то былi Брэмокель, Грумпэтэр i Волерзайн.