Читать «Бiльярд а палове дзесятай» онлайн - страница 73
Генрых Бёль
Мэйзер паслужлiва падсунуў спод другому члену журы — каньяк для Кроля, жыццярадаснага, з тварам колеру чырвонага вiна курца цыгараў, мясажэра; нягледзячы на ўзрост, ён быў хударлявы — гэты нязменны рэстаўратар сабора Святога Севярына: галубiны памёт, пара ад лакаматываў, атручаныя хiмiкатамi хмары з боку ўсходнiх i рэдкiя вiльготныя вятры з боку заходнiх прадмесцяў; паўднёвае сонца, паўночныя халады, усе iндустрыяльныя i ўсе натуральныя ўплывы на клiмат гарантавалi яму i яго наступнiкам працу з пасадаю да канца жыцця; яму было сорак пяць, i, гэткiм чынам, у яго заставалася яшчэ дваццаць год на забавы, якiя ён па-сапраўднаму любiў, - на выпiўкi, цыгары, на коней i дзяўчат таго асаблiвага гатунку, якiя сустракаюцца паблiзу стайняў, пад час паляванняў на лiсаў — амазонкi з развiтымi цяглiцамi i мужчынскiм пахам. Я добра вывучаў сваiх працiўнiкаў; Кроль хаваў сваю абсалютную абыякавасць да праблем архiтэктуры за вытанчанай, амаль усходняй ветлiвасцю, якую ён падгледзеў у бiскупаў i пераняў ад iх; рухi Кроля iдэальна адпавядалi ўрачыстасцям адкрыцця помнiкаў; ён ведаў таксама некалькi вельмi добрых показак, якiя ўвесь час расказваў у пэўнай паслядоўнасцi; маючы дваццаць два гады, Кроль вывучыў на памяць "Падручнiк архiтэктуры" Хандке i ўжо тады вырашыў да канца жыцця выцягваць карысць з гэтага высiлку: заўсёды, калi наспявала пiльная патрэба ўжыць архiтэктурныя тэрмiны, ён цытаваў "неўмiручага Хандке"; на пасяджэннях журы Кроль бессаромна агiтаваў за праект, аўтар якога абяцаў яму найбольшы хабар, а калi бачыў, што ў праекта няма нiякiх шанцаў на перамогу, iмгненна мяняў сваю пазiцыю на карысць фаварыта з тае прычыны, што любiў казаць «падтрымлiваю» i не любiў — "не падтрымлiваю", бо казаць «падтрымлiваю» карацей, а, па-за тым, для вымаўлення часцiцы «не» выплывае самая галоўная загана — яго не вымавiш толькi адным языком ды зубамi, а трэба падключыць яшчэ i нос; да таго ж тут патрэбны яшчэ i рашучы выраз твару, мiж тым як, даючы станоўчы адказ, яго мець зусiм не трэба. Кроль таксама ўздыхнуў, страсянуў галавою i, абмiнаючы траiх пакрыўджаных, паклыпаў у iншы кут галерэi, да назарэцянаў.