Читать «Бiльярд а палове дзесятай» онлайн - страница 69
Генрых Бёль
Назаўтра я даведаюся, хто я такi. Скандал. Яна будзе смяяцца, а праз год будзе чысцiць мае нагавiцы, запэцканыя вапнаю; i яна будзе рабiць тое самае, калi мне будзе сорак, пяцьдзесят, шэсцьдзесят; яна будзе прывабнай старой жанчынаю побач са мною; я прыняў канчатковае рашэнне 30 верасня 1907 года каля паловы чацвёртай дня.
— Заплацiце, Леанора, заплацiце; вазьмiце грошы з маёй шкатулкi, там вунь, i дайце дзяўчынцы дзве маркi на чай, так, дзве маркi; свiтэр i спаднiца ад Гэрмiны Горушкi для маёй унучкi Рут, якая сёння павiнна была вярнуцца з вакацый; зялёнае ёй да твару; шкада, што цяпер маладыя дзяўчаты ўжо не носяць капелюшоў: я заўсёды любiў купляць капелюшы. Таксi ўжо заказанае? Дзякуй, Леанора. Цi не досыць працы на сёння? Як самi захочаце; вядома, тут ёсць крыху цiкаўнасцi, праўда? Ну, чырванець зусiм не варта. Кавы яшчэ, вядома, вып'ю з ахвотаю. Я павiнен быў даведацца, калi канчаюцца вакацыi; але Рут ужо вярнулася? Мой сын Вам нiчога не казаў? Пэўна, ён не забыўся на маё запрашэнне да ўрачыстае вячэры? Я распарадзiўся, каб прыдзвернiк унiзе прымаў кветкi i тэлеграмы, падарункi i вiзiтоўкi, даючы ад мяне кожнаму пасланцу па дзве маркi на чай, i каб ён казаў усiм, што я з'ехаў; калi маеце ахвоту, можаце выбраць сабе самы прыгожы букет альбо два букеты i ўзяць iх сабе дамоў; а калi гэта Вам сапраўды будзе даспадобы, можаце правесцi тут рэшту часу да вечара.