Читать «Бiльярд а палове дзесятай» онлайн - страница 67
Генрых Бёль
Я нiколi не вымаўляў гэтага iмя, ледзьве дазваляў сабе падумаць пра яго i ўсё ж ведаў: я ў ягонай уладзе; анi ружанец Домгрэве, анi салодка-кiслыя даброты поўных мараў пра замужжа гаспадарскiх дачок, анi гешэфты са спавядальнямi шаснаццатага стагоддзя, прадаванымi на патаемных аўкцыёнах за вялiкiя грошы, якiя Домгрэве потым у Лакарна выменьваў на танныя грахi; анi жорсткiя махлярствы аблудных пастыраў, сведкам якiх мне давялося быць; анi вартыя жалю спакушэннi наскрозь грэшных дзяўчат; анi маўклiвая бацькава суровасць — нiшто не магло забiць ува мне таго слова, якое Ёганна прашаптала, стоячы каля мяне: «Iсусе»; анi бясконцыя вандроўкi ў прадзьмуваных наскрозь тунелях старажытнае горычы i роспачы — калi я на ледавiтых акiянах прышласцi, аточаны самотнасцю, як агромнiстым ратавальным кругам, смехам дадаваў сабе сiлы — гэтае слова не было ўва мне забiтае: я быў малым Давiдам з прашчаю i малым Данiлам у пячоры льва i быў гатовы ўспрыняць непрадбачанае здарэнне, якога я так прагнуў: смерць малой Ёганны 3 верасня 1909 года. Таксама тае ранiцы ўланы ехалi па простай брукаванцы; дзяўчаты-разносчыцы малака, хлопцы з пякарнi, служкi божыя ў сутанах, якiя раздзiмалiся ад ветру; ранiца; дзiк перад Грэцавай крамай, лiпкi смутак хатняга лекара, якi сорак гадоў сведчыў пра нараджэннi i смерцi ў доме Кiльбаў; у старэнькай скураной папцы ён насiў набор непатрэбных iнструментаў, якiя дапамагалi яму ўводзiць усiх у зман адносна дарэмнасцi яго намаганняў; ён накрыў знявечанае цела, а я зноў зняў покрыва; я хацеў убачыць цела Лазара, вочы майго бацькi, якiмi гэтае дзiця не захацела глядзець больш як паўтара года; а побач, у спальнi, крычаў Генрых; званы на вежы Святога Севярына разбiвалi час на чарапкi, званiлi а дзевятай да ютранi; цяпер Ёганне было б пяцьдзесят год.