Читать «Бiльярд а палове дзесятай» онлайн - страница 65

Генрых Бёль

Праз дзень першы госць павiнен быў пераступiць парог майго рабочага кабiнета — абат, малады, цемнавокi, спраўны; якi хоць яшчэ i не панаваў, а ўжо быў звыкся з панаваннем.

— Адкуль Вам было вядома, што наш святы айцец Бенедыкт не рэкамендаваў раздзяляць братоў-законнiкаў i айцоў святароў у рэфекторыi?

Ён хадзiў сюды-туды па рабочым кабiнеце, паглядаў раз-пораз на праект, потым спытаўся:

— Цi Вы здолееце вытрываць, не апусцiць рукi, не паддасцёся гэтым крумкачам?

А мне было боязна перад гэтай вялiкай гульнёй, якая падымалася з папераў i павiнна была завалодаць мною; я гуляў у гэтую гульню, але нiколi сабе не ўсведамляў, што я мог бы ў ёй таксама выйграць; мне было б досыць славы, што я не атрымаў перамогi ў змаганнi супраць Брэмокеля, Грумпэтэра i Волерзайна, але — каб перамагчы iх? Мне было вусцiшна, ды я сказаў:

— Вытрываю, не паддамся, вялебны ойча.

Ён згодна кiўнуў галавою, усмiхнуўся i пайшоў.

А пятай я разам з грамадою работнiц выйшаў праз браму, каб зрабiць запланаваную вячэрнюю праходку па горадзе; я бачыў схаваныя пад вэлюмам пякноты, што ехалi ў каламажках на спатканнi; лейтэнантаў, якiя ў кавярнi Фуля пiлi моцныя трункi пад слабую музыку; штодня я рабiў чатырохкiламетровы шпацыр — заўсёды адной дарогай i ў адзiн час; усе павiнны былi бачыць мяне, бачыць у адзiн i той самы час, у адных i тых самых месцах — гаспадынi крамаў, банкiры i ювелiры; вулiчныя жанчыны i кандуктары, экспедытары крамаў, кельнеры i хатнiя гаспадынi; яны павiнны былi бачыць i бачылi мяне памiж пятаю i шостаю, з цыгараю ў руцэ; гэта не было прынята — я ведаю, але ж я мастак: вызнаваць нон-канфармiзм — мой абавязак; мне можна таксама спыняцца каля катрыншчыкаў, якiя разменьваюць на грошы меланхолiю канца рабочага дня; вулiца летуценняў-сноў, што вяла праз кабiнет летуценняў-сноў: мае статысты мелi добра нашмараваныя суставы, невiдочныя нiткi рухалi iмi; яны адкрывалi раты, каб вымавiць прадугледжаныя мною дзеля iх штатмпы; халодная мелодыя бiльярдавых шароў у гатэлi "Прынц Генрых" — белае на зялёным, чырвонае на зялёным; манекены згiналi рукi, каб ударыць па шары, каб паднесцi да рота куфаль з пiвам; яны набiралi ачкi, гулялi серыi, па-каляжанску ляпалi мне па плячы; ax, гэтак! ax, не! о, блiскуча! вам не пашэнцiла; а я чуў, як камякi зямлi падаюць на маю труну, перадсмяротны крык Эдыт i апошнi позiрк светлавалосага вучня столяра — позiрк, якiм ён павiнен быў акiнуць каменныя муры вязнiцы, былi ўжо напагатове.