Читать «Бiльярд а палове дзесятай» онлайн - страница 66
Генрых Бёль
Я паехаў з жонкаю i дзецьмi ў далiну Кiса, паказаў iм з гордасцю вынiк працы маёй маладосцi, наведаў пастарэлага ўжо абата i прачытаў на яго твары гады, якiх не мог убачыць на сваiм; кава ў гасцёўнi, пiрог, выпечаны са сваёй мукi, са слiвамi, што выраслi ў сваiм садзе, i са смятанкаю, знятаю з малака ад сваiх кароў; маiм сынам было дазволена зайсцi ў клаўзуру, жонка з дочкамi, што ўвесь час хiхiкалi, павiнны былi чакаць на вулiцы: чацвёра сыноў, трое дачок — сямёра дзяцей, якiя падораць мне сем разоў па сем унукаў; абат жа сказаў мне з усмешкаю: "Мы ўжо цяпер нават суседзямi зрабiлiся". Сапраўды, я купiў абедзве вёсачкi: Штэлiнгер-Гротэ i Гёрлiнгерс-Штуль.
— Ах, Леанора, зноў — з Кронэравай кавярнi? Hе, я ж сказаў выразна: шампанскага не трэба. Цярпець не магу шампанскага. А зараз — працы канец, маё дзiця. Калi ласка. I цi не маглi б Вы замовiць мне таксi, на чатырнаццатую? Няхай чакае мяне каля брамы; можа, падвязу i Вас трохi. Hе, праз Блесэнфэльд я не еду. Добра, калi жадаеце, можам гэта яшчэ ўдакладнiць.
Ён адвярнуўся ад сваёй рамы са зменнымi малюнкамi, разгледзеў сцены кабiнета, дзе на сцяне вiсеў вялiкi праект абацтва, а ў паветры было поўна пылу, якi, нягледзячы на ўсю асцярожнасць, падымаўся з-пад рук Леаноры; яна з ахвотаю прыбрала ў сталёвай шафе, падала яму вялiкi пачак банкнотаў, якiя страцiлi сваю вартасць яшчэ трыццаць пяць год таму; потым, патросшы галавою, выцягнула на свет божы iншы пачак грошай, якiя не мелi вартасцi ўжо дзесяць год; яна дбайна пералiчыла на рысавальным стале ўсе чужыя купюры: дзесяць, дваццаць, восемдзесят, сто — тысяча дзвесце марак.
— Кiньце гэта ў агонь, Леанора, цi аддайце iх, можа, дзецям з вулiцы гэтыя задуманыя з вялiкiм размахам цэтлiкi ашуканства, якое пачалося трыццаць пяць, а паглыбiлася дзесяць год таму. Я нiколi не надаваў увагi грашам, а, нягледзячы на гэта, усе былi перакананыя, што я прагны да грошай; яны зрабiлi памылку: я не прагнуў грошай, распачынаючы вялiкую гульню; i толькi калi я выйграў i зрабiўся вядомы — толькi тады я ўсвядомiў сабе, што ўва мне ёсць два варункi вядомасцi i папулярнасцi: я быў рупны, гжэчны, просты, быў мастаком, афiцэрам-рэзервiстам; чагосьцi дасягнуў, зрабiўся багатым, аднак… аднак быў усё ж "чалавекам з народа" i нiколi таго не адмаўляў; не дзеля грошай, славы, жанчын я ўкладаў алгебру будучынi ў формулы, ператвараў X, Y i Z у рэальныя велiчынi — у сялянскiя гаспадаркi, банкаўскiя рахункi, у магутнасць, якую я ўвесь раздаваў i якая вярталася да мяне ўдвая большая; Давiд з усмешкаю, мяккi, вага якога не большала i не меншала нi на адзiн фунт; моцна закранулi мяне непрадбачаныя абставiны, якiх я гэтак спрагнёна жадаў: то былi каханне маёй жонкi i смерць дачкi Ёганны сапраўднай прадстаўнiцы роду Кiльбаў: ёй было толькi паўтара года, а я ў тых дзiцячых вачах, як i ў вачах майго маўклiвага бацькi, бачыў старажытную мудрасць, на цёмным дне гэтых вачэй, якiя, здавалася, ужо ведалi, што такое смерць; шкарлятына расцвiла на гэтым цельцы, нiбы жахлiвае пустазелле, падымалася ўверх па сцёгнах, iшла ўнiз да самых ступняў, сеяла гарачку, i белая, нiбы снег, смерць вырастала з усяго таго, вырастала, нiбы цвiль, на чырвонай квеценi, уядалася ў цела, выходзiла чарнотай з ноздраў; непрадбачаныя абставiны, якiх я прагнуў, - яны прыйшлi, як праклён, стаiлiся ў гэтым жахлiвым доме; выбухнула спрэчка, раптоўная перапалка з пробашчам сабора Святога Севярына, з цесцем i цешчаю, з шваграмi, бо я забараняў спяваць на жалобнай iмшы; i ўсё ж я настояў на сваiм i дамогся свайго; я страшэнна спалохаўся, калi пад час набажэнства пачуў шэпт Ёганны: «Iсусе».