Читать «Бiльярд а палове дзесятай» онлайн - страница 63
Генрых Бёль
Званiлi тэлефоны, успацелыя лiстаношы iмчалiся з экспрэс-поштаю ад старшынi зямельнага ўрада да архiбiскупа, ад архiбiскупа да духоўнай семiнарыi, дзе давераная асоба якраз усхваляла вартасцi неаготыкi; давераная асоба з пурпуровым тварам села ў дылiжанс, што чакаў побач; грукат капытоў па простым бруку пачаў аддаляцца; колы скрыгаталi на адважна крутых паваротах; спешна, спешна, паведамленне! Фэмель? Нiколi не чуў пра такога. Яго праект? З тэхнiчнага пункту гледжання выдатны, калi браць пад увагу калькуляцыю — трэба прызнаць, Ваша прывялебнасць, — наколькi можна меркаваць на першы погляд, пераконвае, аднак жа стыль? Жахлiвы; толькi цераз мой труп. Труп? Архiбiскуп усмiхаецца; прафесар, творчая натура, поўны агню, пачуццяў, зашмат сiвых, крыху кучаравых валасоў; цераз труп, ну-ну; курсуюць шыфраваныя запыты памiж Грумпэтэрам i Брэмокелем, памiж Брэмокелем i Волерзайнам: карыфеi, што былi ворагамi да смерцi, на некалькi дзён зрабiлi перамiр'е, пыталiся адзiн у аднаго ў шыфраваных лiстах i тэлефанаграмах: "Цi кветкавая капуста псуецца?" — гэта павiнна было значыць: "Цi можна адклiкаць абатаў з пасады?" I прыходзiлi адказы, што забiвалi ва ўпор: "Кветкавая капуста не псуецца".