Читать «Бiльярд а палове дзесятай» онлайн - страница 55
Генрых Бёль
Немагчыма злiчыць тыя ранiцы, калi я чуў тое дрыжанне, калi, абапёршыся локцямi аб падаконне, глядзеў я з гэтага месца на вулiцу, на светлыя валасы, пах якiх я ведаў ад ранiшняе iмшы; занадта моцнае сваiм пахам мыла заглушыла б прыгожыя валасы; правiльнасць тут замяняла парфумы. Я iшоў следам за ёю, калi яна пасля iмшы без чвэрцi дзевяць iшла каля Грэцавай крамы, а пасля ўваходзiла ў дом нумар восем. У жоўты дом з надпiсам: "Д-р Кiльб, натарыус". Я назiраў за ёю, чакаючы ў дворнiцкiм пакоi сваiх газет; святло спадала на яе, на яе мiлы твар, крыху спанатраны ў службе справядлiвасцi: яна адчыняла дзверы канторы, аканiцы, пасля выстаўляла шыфры сейфаў, адчыняла сталёвыя дзверы, якiя, здавалася, маглi расцiснуць яе; яна правярала змесцiва сейфа, а я мог праз вузкi завулак Модэстгасэ заглядаць у сейф i бачыць на верхняй палiцы старанна выведзены на кардоннай шыльдачцы надпiс: "Праект абацтва Святога Антонiя". Там ляжалi ўжо тры вялiкiя пакеты з пячаткамi, што выглядалi, нiбы раны. Толькi тры пакеты, i кожнае дзiця ведала прозвiшчы тых, хто дасылаў паперы да iх: Брэмокель, Грумпэтэр i Волерзайн. Брэмокель, дойлiд трыццацi сямi неагатычнiх цэркваў, семнаццацi каплiц i дваццацi аднаго будынка кляштараў i лякарняў; Грумпэтэр, стваральнiк толькi трыццацi трох неараманскiх касцёлаў, толькi дванаццацi каплiц i васемнаццацi лякарняў; трэцi пакет, дасланы Волерзайнам, якi пабудаваў толькi дзевятнаццаць цэркваў, толькi дзве каплiцы, толькi чатыры бальнiцы, але затое меў у сваiм актыве сапраўдны сабор.
— Цi чыталi Вы, пан лейтэнант, абвестку ў "Ды Вахт"? — спытаў парцье, i я прачытаў над ягоным зарагавелым пальцам радкi, якiя ён мне паказаў: "Сёння апошнi тэрмiн надаслання праектаў абацтва Святога Антонiя. Цi ў нашых маладых архiтэктараў бракуе адвагi?" Я засмяяўся, згарнуў газету ў трубку i пайшоў на сняданне ў Кронэраву кавярню; кельнеравы словы, сказаныя кухару праз акенца кухнi, прагучалi нiбы старажытная, завучаная на працягу стагоддзяў лiтургiя: "Снеданне пану архiтэктару Фэмелю, як звычайна". Хатнiя гаспадынi, божыя служкi, банкiры — гоман галасоў каля паловы на адзiнаццатую. Нататнiк з выявамi авечак, змеяў, пелiканаў; пяцьдзесят пфенiгаў кельнеру на чай; дзесяць — гатэльнаму служку, усмешка прыдзвернiка, калi я даваў яму ў руку шторанiшнюю цыгару, прымаючы ад яго пошту. Потым я стаяў тут, адчуваючы локцямi дрыжанне друкарскiх машын, бачыў унiзе, у Кiльбавай канторы, вучня, якi пад самым акном вадзiў нажом для паперы. Я ўскрыў допiс, уручаны мне прыдзвернiкам: "…У нас ёсць магчымасць ад сённяшняга дня прапанаваць Вам месца галоўнага праекцiроўшчыка; калi гэта будзе адпавядаць Вашаму жаданню. Мы будзем ставiцца да Вас як да члена сям'i; гарантуем зычлiвыя адносiны з боку тутэйшага грамадства. Шырокiя магчымасцi кантактаў i адпачынку…" Гэтак мяне прываблiвалi кампанiяй мiлых дачок архiтэктара, ладнымi бяседамi за горадам, пад час якiх маладыя людзi ў круглых капелюшах на ўскрайку лесу налiваюць сабе пiва з бочак, а маладзенькiя дзяўчаты распакоўваюць бутэрброды i частуюць усiх; пасля можна рызыкнуць запрасiць якую-небудзь з iх патанцаваць на свежаскошаным лузе, калi маткi, што са страхам пералiчваюць гады сваiх дачок, пляскаюць у ладкi, захопленыя гэткай грацыёзнасцю; а калi ўсе выпраўляюцца на праходку па лесе, праводзiць паненак пад рукi, бо яны любяць спатыкацца аб каранi дрэваў; а калi надарыцца выпадак — бо адлегласцi ў лясной цемры неўпрыкмет павялiчваюцца, — дык пацалаваць паненку ў ручку, у шчаку, у плячо; а па дарозе дадому, у сутоннi, праз цiхiя лугi, на якiя выбягаюць з лесу сарны, як бы наўмысна дзеля гэтага замоўленыя, калi пачынаюць гучаць спевы, пералятаючы ад брычкi да брычкi, — тады ўжо можна шэптам прызнацца, што ў цябе трапiла Амурава страла. I неслiся дадому спакутаваныя сэрцы, параненыя душы.