Читать «Бiльярд а палове дзесятай» онлайн - страница 53

Генрых Бёль

Колькi разоў я снедаў у Кронэравай кавярнi? Дзесяць тысяч, дваццаць тысяч? Я нiколi не лiчыў; кожны дзень хадзiў туды, апроч тых дзён, калi гэтаму перашкаджала найвышэйшая сiла.

Я бачыў, як насоўвалася найвышэйшая сiла; стоячы на тым баку вулiцы, на тэрасе дома нумар восем, схаваўшыся за альтанкаю, я глядзеў унiз на вулiцу, бачыў, як яны рушылi ў напрамку вакзала, чуў, як незлiчоныя глоткi спяваюць "Варту на Рэйне", выкрыкваюць iмя прыдурка, якi i сёння там на бронзавай клячы iмчыць на захад; да iхнiх шапак, цылiндраў, капелюшоў былi прышпiленыя кветкi, кветкi вiднелiся i ў пятлiцах; у маленькiх скрутках гэтыя людзi неслi пад пахаю нармальную споднюю бялiзну сiстэмы прафесара Густава Егера; iхняя гамонка ўзнiмалася, даходзiла аж сюды, дзе стаяў я; i нават прастытуткi з гандлёвых радоў паадсылалi сваiх клiентаў на мабiлiзацыйныя пункты — са скруткамi асаблiва якаснай цёплай бялiзны пад пахаю, — а я дарэмна чакаў, што ўва мне абудзiцца хваля пачуццяў, якiя я мог бы падзялiць з тымi, што ўнiзе, я адчуваў сябе пустым, самотным, нiчога не вартым, няздольным да энтузiязму i не ведаў, чаму я няздольны да яго; я нiколi над гэтым не задумваўся, успамiнаў пра сваю сапёрскую форму, прапахлую нафталiнам, якая была на мне ўсё яшчэ добрая, хоць шылi яе, калi мне было дваццаць, а я мiж тым дажыў да трыццацi шасцi; у мяне была толькi надзея, што не спатрэбiцца надзяваць яе; хацелася заставацца салiстам, а не пераходзiць у статысты; яны ўсе з'ехалi з глузду — тыя, што iшлi там, гарлаючы песнi, да вакзала; на тых, хто не мог выйсцi разам з iмi, глядзелi са шкадобай, i яны адчувалi сябе ахвярамi, бо не маглi там iсцi, я быў гатовы лiчыць сябе ахвярай i не стаў бы праз гэта шкадаваць. Дома, унiзе, у хаце, плакала мая цешча, бо яе сыны ўжо з першай партыяй паехалi на таварную станцыю, дзе грузiлi коней; гордыя ўланы, якiх мая цешча аплаквала гордымi слязамi; я стаяў за альтанкаю, яшчэ цвiлi глiцынii, чуў, як унiзе мой чатырохгадовы сын напявае: "Мне патрэбны карабiн, мне патрэбны карабiн…", i я павiнен быў бы сысцi ўнiз i адлупцаваць яго ў прысутнасцi маёй гордай цешчы; але я дазволiў яму спяваць, гуляць з уланскiм кiверам, што яму падарылi ягоныя дзядзькi, дазволiў яму цягаць за сабою шаблю i выкрыкваць: "Француз капут! Iнглiшмэн капут! Рус капут!" I я ўспрыняў зусiм спакойна словы каменданта гарнiзона:

— Мне вельмi прыкра, Фэмель, што мы гэтым разам не можам абысцiся без Вас, што Вы не можаце ўзяць удзел ва ўсiм, але радзiме таксама патрэбныя людзi, патрэбныя якраз такiя людзi, як Вы.