Читать «Бiльярд а палове дзесятай» онлайн - страница 54

Генрых Бёль

Я займаўся будаўнiцтвам казармаў, фартоў, лазарэтаў; ноччу ў сваiм лейтэнанцкiм мундзiры я кантраляваў пасты на мосце; немаладыя ўжо камерсанты ў яфрэйтарскiм рангу, банкiры — простыя салдаты — руплiва аддавалi мне чэсць, калi я падымаўся на мост па сходах i ў святле кiшэннага лiхтарыка бачыў непрыстойныя малюнкi, накрэмзаныя на пясчанiку падлеткамi, што вярталiся дамоў пасля купання; каля ўвахода на мост пахла мужчынскасцю ў самым яе пачатку. Дзесьцi вiсела шыльда: "Мiхаэлiс — вугаль, кокс, брыкеты", а намаляваная рука паказвала дарогу да сховiшча тавару Мiхаэлiса; i я цешыўся са сваёй iронii, сваёй вышэйшасцi, калi унтэр-афiцэр Грэц дакладваў мне: "Пост пры мосце: унтэр-афiцэр i шэсць чалавек; нiякiх здарэнняў…" i рабiў жэст рукою, якi, здаецца, я бачыў у тэатральных камедыях; я казаў: "Вольна!", распiсваўся ў каравульнай кнiзе, iшоў дадому, пакiдаў на вешаку каску i шаблю, iшоў у пакой, дзе сядзела Ёганна, клаў галаву ёй на каленi, выкурваў цыгару i нiчога не казаў; яна таксама не казала нiчога, толькi вяртала Грэцу паштэты з гусiнае пячонкi; калi ж абат Святога Антонiя дасылаў нам хлеб, масла i мёд, яна раздавала iх iншым; я нiчога на гэта не казаў i ўсё яшчэ атрымлiваў сняданак у Кронэравай кавярнi: сыр з папрыкай дзве тысячы чатырохсоты раз; я па-ранейшаму даваў кельнеру пяцьдзесят пфенiгаў на чай, хоць ён не хацеў браць грошай i настойваў на тым, каб заплацiць мне ганарар за праект ягонага дома.

Ёганна вымавiла тое, пра што я думаў; яна не пiла шампанскага пад час прыёму ў каменданта гарнiзона, не ела паштэту з заечага мяса i адмаўляла ўсiм, хто запрашаў яе да танцаў; яна вымавiла ўголас: "Найяснейшы дурань…" — i здарылася так, як быццам у казiно каля Вiльгельмавага рова запанавала леднiковая эпоха; у поўнай цiшы Ёганна паўтарыла: "Найяснейшы дурань…" Там былi генерал, палкоўнiк, маёры — усе з жонкамi, я — толькi што выпечаны обер-лейтэнант, упаўнаважаны па будаўнiцтве ўмацаванняў; леднiковая эпоха запанавала ў казiно каля Вiльгельмавага рова; аднаму маладзенькаму харунжаму прыйшла ў галаву думка натхнiць аркестр на вальс; я ўзяў Ёганну пад руку, павёў да каламажкi; была цудоўная восеньская ноч; шэрыя калоны маршыравалi да прыгарадных станцый; нiякiх здарэнняў.

Суд гонару. Нiхто не наважваўся паўтарыць словы Ёганны; гэткiх блюзнерстваў не фiксавалi нават у пратаколах: яго вялiкасць — найяснейшы дурань… нiхто б не наважыўся напiсаць такога; яны казалi толькi: "Toе, што сказала Вашая малжонка…" — а я казаў: "Toе, што сказала мая жонка…" — i не казаў тое, што я павiнен быў бы казаць, што я згодзен з ёю; я гаварыў толькi: "Яна цяжарная, панове; два месяцы засталося; страцiла двух братоў ротмiстра Кiльба i харунжага Кiльба — абодвух у той самы дзень; у яе памерла дачушка ў 1909 годзе" — а я ж ведаў, што павiнен быў сказаць: "Я, паны, згодзен з ёй", мне было вядома, што кпiць — гэта замала, што гэтага заўсёды будзе замала.

— Hе, Леанора, гэтага скрутка распакоўваць не трэба; тое, што ў iм ёсць, мае толькi пачуццёвую вартасць; ён лёгкi, але каштоўны: гэта корак ад бутэлькi. Дзякуй за каву; калi ласка, пастаўце фiлiжанку на падваконне; я дарэмна чакаю, чакаю сваю ўнучку, якая звычайна ў гэты час робiць хатнiя заданнi там, на тэрасе; я забыўся, што канiкулы яшчэ не скончылiся; паглядзiце, адсюль можна зазiрнуць у вокны Вашага рабочага пакоя, Вас таксама я часам бачу за вашым пiсьмовым сталом… i Вашыя прыгожыя валасы. Чаму раптам задрыжала фiлiжанка, зазвiнела, нiбы ад грукату друкавальных машын; цi ўжо скончыўся перапынак на абед, цi былi ўжо звышурочныя гадзiны, цi будаўнiчыя дакументы на белай паперы i пасля полудню друкавалiся i ў суботу?