Читать «Бiльярд а палове дзесятай» онлайн - страница 56

Генрых Бёль

I я напiсаў ветлiвы адказ: "…дазволю сабе вярнуцца да Вашай ласкавай прапановы пасля заканчэння маёй прыватнай вучобы, якая змушае мяне яшчэ пэўны час заставацца ў горадзе…", заклеiў канверт, прыляпiў марку, вярнуўся да свайго акна i зiрнуў унiз, на Модэстгасэ; ножык для паперы паблiскваў, нiбы штых; калi хлопец-вучань пачынаў рабiць усё хутчэй, два гатэльныя служкi грузiлi дзiка на рачны вазок; я пакаштую ягонага мяса ўвечары, пад час супольнай вячэры "Нямецкiх аматараў спеваў", буду змушаны слухаць iх жарты, а яны не будуць цямiць, што я смяюся зусiм не ад iхнiх жартаў, а з iх самiх; iх жарты былi мне гэтаксама агiдныя, як падлiўкi, што падавалiся да страваў; i я смяяўся сваiм смехам тут, наверсе, каля свайго акна, i ўсё яшчэ не ведаў, цi я смяюся ад нянавiсцi альбо ад пагарды? Я ведаў толькi адно: гэты смех не быў выклiканы радасцю.

Дзяўчаты-практыканткi ў Кiльбавай краме паставiлi грыбы ў белых кошыках побач з забiтым дзiком; у гатэлi "Прынц Генрых" кухар ужо ўзважваў прыправы, а ягоныя памочнiкi вастрылi нажы; маладыя кельнеры ўсхвалявана папраўлялi перад люстэркамi вузлы на гальштуках, завязаныя дзеля практыкi, i пыталiся ў жонак, якiя стаялi, схiлiўшыся над прасавальнай дошкай — пара, што ўздымалася над перанiцаванымi штанамi, запаўняла кухню: "Цi павiнен я цалаваць бiскупаў пярсцёнак, калi надарыцца няшчасце яго абслугоўваць?" Хлопец-вучань па-ранейшаму ўзмахваў ножыкам для паперы.

Гадзiна адзiнаццатая i пятнаццаць хвiлiн: я вычысцiў свой чорны гарнiтур, праверыў вузел аксамiтнага шыявяза, насунуў на галаву капялюш, выцягнуў кiшэнны каляндарык, якi быў велiчынёю не больш за плоскi запалкавы карабок, адгарнуў яго i прачытаў: "30 верасня 1907 г. у 11.30 уручыць Кiльбу праект. Запатрабаваць распiску".