Читать «Бiльярд а палове дзесятай» онлайн - страница 51
Генрых Бёль
Усяго паўтары хвiлiны дарогi адтуль да гэтага дома — Модэстгасэ, 7. Практыканты, грузавiкi, манашкi: рух на вулiцы; цi ў браме дома нумар сем напраўду пахла друкарскай фарбаю? Машыны, нiбы карабельныя механiзмы, рухалi сваiмi жалезнымi часткамi туды-сюды, сюды-туды; будаўнiчыя паперы друкавалiся на белай паперы; парцье зняў перада мною шапку: "Пан архiтэктар? Рэчы ўжо наверсе". Грошы "на чай", увапхнутыя ў чырвоную лапу. "Заўсёды гатовы служыць вам, пане лейтэнант". Грымаса. "Ага, тут ужо было двое паноў, якiя хочуць далучыць Вас да тутэйшага клуба афiцэраў-рэзервiстаў".
Я зноў убачыў будучыню выразней за сённяшнi дзень, якi знiкаў недзе ў змроку ў тую самую хвiлю, калi ён здзяйсняўся; у мяне перад вачыма паявiўся неахайны парцье, якога абступалi рэпарцёры; буйныя загалоўкi ў газетах: "Малады архiтэктар перамог у конкурсе карыфеяў гэтай прафесii!" Парцье з ахвотай тлумачыць рэпарцёрам: "Ён? Паверце, панове, для яго не iснуе нiчога, апроч працы. Ранiцой а восьмай ходзiць да цiхай iмшы ў Святы Севярын, снедае ў Кронэравай кавярнi, недзе да паловы адзiнаццатай; ад паловы адзiнаццатай да пяцi выходзiць з рабочага кабiнета; нiкога не прымае; жыве там наверсе ў сябе — можаце смяяцца, панове — на адным гарохавым супе, якi ён сам сабе гатуе; старая мацi дасылае яму гарох i сала, нават цыбулю. Ад пятай да шостай праходка па горадзе; з паловы сёмай да паловы восьмай партыя ў бiльярд у гатэлi "Прынц Генрых", у клубе афiцэраў-рэзервiстаў. Дзяўчаты? Пра гэта нiчога не ведаю. Штопятнiцы ўвечары бярэ ўдзел у рэпетыцыях хору "Нямецкай Суполкi Аматараў Спеваў". Кронэравы кельнеры таксама кладуць у кiшэнь "на чай" — за iнфармацыю.
— Сыр з папрыкай? Вельмi цiкава. Нават за снеданнем рысуе як апантаны?
Пазней у думках я часцяком вяртаўся да дня майго прыезду, чуў пошчак капытоў па бруку, бачыў гатэльных служак, як яны перасоўваюць валiзы, бачыў жанчыну ў вэлюме i ружовым капелюшы, чытаў плакат: "Тым, хто iдзе ў войска, раю…", слухаў свой смех; з каго я смяяўся, з чаго складаўся гэты смех? Я бачыў iх шторанiцы, калi пасля iмшы выходзiў па карэспандэнцыю i газеты; бачыў уланаў, што ехалi на пляц да практыкаванняў у паўночную частку горада; шторанiцы прыгадваў нянавiсць свайго бацькi да коней i афiцэраў, калi аддаляўся пошчак падковаў: эскадрон уланаў рыхтаваўся да рэпетыцый кавалерыйскiх атак альбо да разведвальных вылазак — iмчаў, уздымаючы вялiкае воблака пылу; гукi трубы выцiскалi слёзы з вачэй ветэранаў, якiя спынялiся на вулiцы; але я думаў пра бацьку; сэрцы кавалерыстаў, i сэрца парцье таксама, тахкалi часцей; дзяўчаты з хустачкамi ператваралiся ў жывыя вобразы, ахалоджвалi ў ранiшнiм паветры грудзi, гатовыя несцi суцяшэнне; а ў тую хвiлю парцье ўручаў мне пасылку ад мацi: гарох, сала, цыбулю i блаславенне; маё сэрца не бiлася часцей, калi ў мяне перад вачыма праязджаў кавалерыйскi эскадрон.