Читать «Бiльярд а палове дзесятай» онлайн - страница 42
Генрых Бёль
Ён апусцiў кiй, якiм дагэтуль усё яшчэ цэлiў ва ўяўную мiшэнь, паклаў яго зноў на сагнуты палец i ўдарыў па бiльярдным шары; белае пакацiлася па зялёным, вострым зiгзагам адбiлася раз i другi ад чорных борцiкаў.
Званы сабора Святога Севярына глуха выцiскалi з сябе час, але калi, калi прабiла адзiнаццатую?
— Зiрнi, хлопча, што гэта за шум там, за дзвярыма?
Ён яшчэ раз ударыў па шары: чырвонае пакацiлася па зялёным; вычакаўшы, пакуль шары спыняцца, адклаў кiй.
— Гэр дырэктар просiць Вас прыняць нейкага гэра Нэтлiнгера.
— Цi прыняў бы ты кагосьцi, хто носiць прозвiшча Нэтлiнгер?
— Hе.
— Пакажы мне, як выйсцi адсюль не праз тыя дзверы.
— Вы можаце прайсцi цераз рэстаранную залу, пане доктар, i адтуль — на Модэстгасэ.
— Да пабачэння, Гуга, да заўтра.
— Да пабачэння, пане доктар.
Балет кельнераў, балет гатэльных служак: яны збiралi на сталы да абеду, перасоўвалi, у дакладна вызначаным парадку, чайны столiк ад стала да другога, раскладвалi срэбранае начынне, мянялi вазончыкi з кветкамi, замест белых гваздзiкоў у высокiх вузкiх вазах — сцiплыя фiялкi ў круглых вазонах; забiралi са стала мармеладавыя сподачкi, ставiлi кiлiшкi пад вiно: нiзкiя пад чырвонае, высокiя — пад белае; з адным-адзiным выключэннем: малако для авечай пастыркi; у крышталёвым графiнчыку малако мела шараватае адценне.
Фэмель лёгкай хадою прайшоў памiж радамi столiкаў, рассунуў фiялетавыя фiранкi i — апынуўся насупраць вежы сабора Святога Севярына.
4
Крокi Леаноры супакойвалi яго; яна асцярожна хадзiла па кабiнеце, адчыняючы шафы, падымаючы вечкi скрыняў, развязваючы шнуркi на пасылках, разгортваючы эскiзы; яна толькi зрэдку адрывала яго ад думак, падыходзячы да акна — толькi калi на якiм-небудзь дакуменце не стаяла дата альбо эскiз не быў падпiсаны. Стары Фэмель любiў парадак i нiколi не падтрымлiваў яго. Леанора зробiць гэта за яго; на падлозе вялiкага кабiнета яна раскладвала ў стосы дакументы i эскiзы, лiсты i рахункi, упарадкаваныя па гадах; i сёння, як i пяцьдзесят год таму, падлога дрыжала ад грукату друкарскiх машын; тысяча дзевяцьсот сёмы, восьмы, дзевяты, дзесяты — па ўкладзеных Леанораю стосах ужо было вiдаць, што яны з цягам гадоў стагоддзя большаюць: тысяча дзевяцьсот дзевяты быў вышэйшы за тысяча дзевяцьсот восьмы, дзесяты вышэйшы за дзевяты. Леанора выведзе крывую яго працы: яна прывучаная да дакладнасцi.