Читать «Бiльярд а палове дзесятай» онлайн - страница 27
Генрых Бёль
Прыжмурваючыся ў паўзмроку, стулiўшы плечы ад прахалоды, Шрэла сядзеў перад iм, i ён не мог болей адцягваць тае хвiлi; яшчэ раз праверыў, цi добра завязаны гальштук, расправiў апошнiя складачкi на каўняры спартыўнай кашулi — ох, падцягнуты, заўсёды падцягнуты, — глыбей схаваў канцы шнуркоў на туфлях, спраўдзiў, цi ёсць у партманеце грошы, каб даехаць дадому; а мiж тым з душа паявiлiся першыя хлопцы, усё яшчэ гамонячы пра "Робертаў удар".
— Пойдзем разам?
— Пойдзем.
Яны паднялiся патаптанымi бетоннымi сходнямi, на якiх ляжала непрыбранае смецце яшчэ ад мiнулае вясны: паперкi ад цукерак, пачкi ад цыгарэт; яны ўзышлi на дамбу, дзе спацелыя весляры якраз усцягвалi лодку на зацэментаваную прыстань; моўчкi iшлi яны разам па дамбе, што вяла сярод нiзкай iмглы быццам бы на другi бераг ракi; гудкi параходаў, чырвоныя лiхтары i зялёныя — на сiгнальных рубках суднаў; каля верфi ў паветры ўспыхвалi чырвоныя iскры, вымалёўваючы на шэрым фоне адмысловыя фiгуры; моўчкi яны дайшлi да моста, у паўзмроку паднялiся ўгору па сходах, побач на сценах з пясчанiку былi ўвекавечаныя жаданнi маладых людзей, што вярталiся тут пасля купання дамоў; грукат таварнага цягнiка, што праiмчаўся па мосце, даў iм магчымасць памаўчаць лiшнiя пару хвiлiн: на заходнi бераг везлi партыю шлаку; чыгуначнiкi сiгналiлi лiхтарамi, свiсткi кiравалi цягнiком, якi пачаў заварочваць на правую каляю; унiзе ў тумане iшлi на поўнач караблi, жалобнае дудзенне рагоў папярэджвала аб смяротнай небяспецы, разляталася, поўнае смутку, над вадою; гэты гоман, на шчасце, не даваў весцi размову.
— I я тады спынiўся, Гуга, абапёрся аб парэнчы, тварам да ракi, выцягнуў з кiшэнi цыгарэты, даў адну Шрэле, ён прыкурыў мне, i мы курылi моўчкi, а за нашымi спiнамi цягнiк, грукочучы, ужо з'язджаў з моста; унiзе пад намi цiха плылi на поўнач цугам грузавыя баркасы; з-пад покрыва iмглы даносiўся iх мяккi плёскат; толькi зрэдку вочы ўлоўлiвалi паблiскванне iскраў над карабельнымi камбузамi; на колькi хвiлiн усё сцiхла, пакуль наступнае судна не прайшло пад мостам на поўнач — на поўнач, да туманаў Паўночнага мора, — а мяне ахапiў страх, Гуга, бо я мусiў зараз спытацца ў яго i ведаў, што калi зраблю гэта, мяне зацягне вiр, з якога я ўжо не здолею выбрацца; гэта была, напэўна страшэнная таямнiца, дзеля якой Нэтлiнгер рызыкаваў выйгрышам сваёй каманды, а "отаўцы" згадзiлiся, каб гульню судзiў Бен Вакс; цяпер была амаль што непранiкальная цiшыня, i гэта надавала вялiкую вагу пытанню, якое я павiнен быў задаць i якiм я мусiў абцяжарыць вечнасць; я ўжо развiтваўся, Гуга, яшчэ не ведаючы, куды i ў iмя чаго я збiраюся рушыць; я развiтваўся з цёмнаю вежай Святога Севярына, што ўзвышалася над густым слоем iмглы, з бацькоўскiм домам, якi стаяў недалёка ад гэтай вежы i ў якiм мая мацi якраз заканчвала накрываць на стол да вячэры, папраўляла срэбранае начынне, асцярожна расстаўляла кветкi ў вазончыкi, адпiваючы з графiнаў, каштавала вiно: цi гэта белае ахалоджана добра, а чырвонае — не? Субота, якая святкавалася ўрачыста, як шабас; мацi ўжо разгарнула iмшал, каб паводле яго тлумачыць нам нядзельную лiтургiю сваiм пяшчотным голасам, што гучаў нiбы вечны адвент; голасам ад слоў "Пасвi авечак маiх"; я развiтваўся з сваiм пакоем, вокны якога глядзелi ў сад, а ў тым садзе старажытныя дрэвы стаялi ў пышнай зелянiне; у тым садзе я заглыбляўся аддана ў матэматычныя формулы, у строгую крывiзну геаметрычных фiгур, у празрыстыя, як зiма, стэрэаметрычныя пабудовы, што ўзнiкалi пад маiм цыркулем, пад маiм пёркам з тушшу — там я рысаваў кiрхi, касцёлы, якiя збiраўся калi-небудзь пабудаваць. Шрэла стрэлiў недакуркам у туман, што сцялiўся ў нас у нагах; чырвоная кропка, круцячыся, паляцела долу; Шрэла з усмешкаю павярнуўся да мяне, чакаючы майго пытання, якога я яшчэ не задаў; ён страсянуў галавою. Ланцуг лiхтарняў на беразе ясна вылучаўся на фоне густога слоя iмглы.