Читать «Бiльярд а палове дзесятай» онлайн - страница 26
Генрых Бёль
Ён спынiўся перад распранальняй, пачуў галасы, гаману: ахрыплыя ў мiфiчным запале хлопцы гаварылi пра легендарны палёт мячыка; нiбыта мячык той знiк у звышчалавечых сферах.
— Я ж бачыў, як ён ляцеў-ляцеў, нiбы камень, пушчаны з волатавай прашчы.
— Бачыў яго, той мячык, што ўдарыў Роберт.
— Чуў яго, той мячык, што ўдарыў Роберт.
— Яны яго не знойдуць, таго мячыка, што ўдарыў Роберт.
Калi Фэмель зайшоў у распранальню, яны змоўклi; у гэтым раптоўным маўчаннi адчуваўся страх; яны амаль смяртэльна паважалi яго — якi зрабiў тое, у што нiхто не здолеў бы паверыць, пра што нiхто не здолеў бы расказаць; хто з жывых сведкаў наважыўся б апiсаць палёт таго мячыка?
Басанож, накiнуўшы на плечы вялiкiя ручнiкi, яны шпарка пабеглi ў душ; застаўся адзiн Шрэла: ён быў ужо апрануты, бо пад душ не хадзiў; i толькi цяпер Роберту прыйшло ў галаву: Шрэла нiколi не прымаў душ пасля гульнi, нiколi не здымаў з сябе футболку; ён сядзеў на зэдлiку, на твары была жоўтая i блакiтная пляма, вакол вуснаў, з якiх ён ужо абцёр кроў, - вiльготны след; на руках i плячах былi вiдаць сiнякi ад удараў мячыка, якi "отаўцы" ўсё цяпер яшчэ недзе шукалi; седзячы так, Шрэла адкасаў рукавы сваёй шмат разоў мытай кашулi, надзеў куртку, выцягнуў з кiшэнi кнiжку i пачаў чытаць: "Увечары, калi званы звястуюць мiр…"
Было непрыемна вось гэтак застацца сам-насам са Шрэлам, прымаць падзяку гэтых халодных вачэй, занадта халодных нават каб ненавiдзець — толькi ледзь прыкметны рух павекаў, няўлоўная ўсмешка як падзяка яму, выратавальнiку, якi нанёс той удар; Фэмель усмiхнуўся ў адказ, таксама ледзь заўважна, потым павярнуўся да бляшанай шафкi, знайшоў там сваю адзежу i хацеў ужо як найхутчэй, не прыняўшы душ, вымкнуць з распранальнi; на сцяне над ягонай шафкай нехта выбiў у тынку надпiс: "Фэмелеў удар, 14 лiпеня 1935 г.".
Пахла скурай — ад гiмнастычных прыладаў, ссохлай зямлёю — што паабтрэслася з футбольных, гандбольных i бейсбольных мячоў i грудкамi пазабiвалася ў шчылiны бетоннай падлогi; у куце стаялi брудныя бела-зялёныя сцяжкi, сохлi развешаныя футбольныя сеткi, тырчала надламанае вясло; пад трэснутым шклом вiднеўся пажоўклы дыплом: "Пiянерам футбола, пачатковаму класу гiмназii святога Людвiга. 1903 г. Прэзiдэнт зямельнага ўрада"; калектыўнае фота ў выдрукаваным лаўровым вянку; з гэтага фота на яго глядзелi васемнаццацiгадовыя хлопцы 1885 года нараджэння з моцнымi цяглiцамi; вусатыя, з жывёльным аптымiзмам глядзелi яны ў будучыню, якую рыхтаваў iм лёс; iм было наканавана гнiсцi пад Вердэнам, сцякаць крывёю ў балотах Сомы альбо яшчэ праз пятнаццаць гадоў на могiлках герояў Шато-Цьеры быць аб'ектам прымiрэнчых выказванняў, якiя ўпiсваюць турысты па дарозе ў Парыж, паддаўшыся настрою гэтага месца, у размоклую ад дажджу кнiгу наведнiкаў; пахла жалезам, пахла выспяваючай мужчынскасцю; звонку сюды пранiкала вiльготная iмгла, што цягнулася лагоднымi воблакамi ўдоўжкi рачных берагоў; з карчмы, што паблiзу, далятала пераднядзельная гамонка нiзкiх мужчынскiх галасоў, хiхiканне афiцыянтак, бразгатанне пiўных кухляў, а ў канцы калiдора пачыналi рабiць сваё гульцы ў кеглi, кацiлiся шары, расстаўлялiся кеглi, чулася трыумфальнае "ax!" i "ох!" — як сведчанне расчаравання, гучала на ўвесь калiдор, пранiкала ў распранальню.