Читать «Бiльярд а палове дзесятай» онлайн - страница 25

Генрых Бёль

— Я ж ведаў, Гуга, як была патрэбная наша перамога Нэтлiнгеру; ён сказаў: "Перамагчы любой цаной"; а менавiта ён рызыкаваў нашай перамогай толькi дзеля таго, каб у працiўнiка была магчымасць раз за разам шпурляць мячыкам у Шрэлу, а Бен Вакс, гледзячы па ўсiм, быў з iмi ў змове; я гэта заўважыў, адзiн я.

Калi ён iшоў да распранальнi, яго апанаваў страх перад Шрэлам i перад тым, што той яму скажа. На дварэ раптам пахаладала, вечаровая iмгла цягнулася ад ракi, падымалася над лугамi, абкладвала, нiбы слоем ваты, будынак, у якiм мясцiлiся распранальныя кабiны. Чаму, чаму яны гэтак абыходзiлiся са Шрэлам? Падставiлi яму падножку, калi ён у перапынку сыходзiў па лесвiцы, i ён выцяўся галавою аб жалезны кант прыступкi? Лапка акуляравай аправы прабiла тады яму мочку вуха, а Бен Вакс надта ўжо доўга хадзiў па аптэчку першай дапамогi ў настаўнiцкi пакой. Нэтлiнгер са здзеклiвай усмешкаю нацягваў лейкапластыр, каб настаўнiк мог адрэзаць ад яго кавалачак; яны нападалi на Шрэлу па дарозе дадому, зацягвалi яго ў пад'езды, бiлi яго — сярод сметнiц i дзiцячых вазкоў, потым скiнулi яго з цёмных падвальных сходаў, i ён доўга ляжаў з паламанай рукою там, дзе пахла капустай i прарослай бульбай, сярод запыленых слоiкаў: ляжаў, аж пакуль нейкi хлопчык, пасланы ў падвал па яблыкi, не ўбачыў яго i не паклiкаў жыхароў дома. Толькi некалькi iхнiх таварышаў не бралi ў тым удзелу: Эндэрс, Дрышка, Швойгель i Гольтэн.

За пару год да таго Фэмель пасябраваў са Шрэлам, яны разам хадзiлi ў госцi да Трышлера; Шрэлаў бацька быў кельнерам у шынку, якi належаў Трышлераваму бацьку; яны наладжвалi сабе забавы на старых чоўнах, на спiсаных пантонах, вудзiлi рыбу, забраўшыся ў лодку.