Читать «Бiльярд а палове дзесятай» онлайн - страница 23

Генрых Бёль

Яны круцiлiся перад самай лiнiяй, хацелi не даць яму як след стукнуць, крычалi: "Ну, Фэмель, давай, бi!"; iншая група неспакойна чакала каля меты, два хлопцы — ужо далёка за пляцоўкаю, там, дзе звычайна падалi пасланыя iм мячыкi, якiх усе баялiся; найчасцей iх знаходзiлi ўжо на вулiцы — там, дзе акурат тады, у тую летнюю суботу 1935 года запененыя гнядыя конi выходзiлi з брамы бровара; далей быў вiдзён чыгуначны насып, а манеўровы паравоз пускаў, нiбы дзiця, белыя аблокi пары ў паўдзённае неба; справа каля моста на верфi шыпелi ацэтыленавыя газарэзкi; рабочыя ў звышурочныя гадзiны нешта зварвалi на параходзе, што будаваўся для "Сiлы праз Радасць"; блакiтнаватыя i срэбныя iскры сыкалi, а кляпальныя малаткi… малаткi выбiвалi такт; у прыватных гародчыках пастаўленыя нядаўна пудзiлы беспаспяхова супрацьстаялi вераб'ям; бледныя тварам пенсiянеры з пагаслымi пiпкамi чакалi i не маглi дачакацца першага чысла наступнага месяца — толькi ўспамiны пра рухi, што Фэмель тады рабiў, выклiкалi ў ягоным уяўленнi тыя вобразы, словы i фарбы: "Ну, Фэмель, давай!" было схаванае за формуламi; i вось мячык ляжаў ужо ў руцэ так, як трэба, пальцы i далонь лёгка прытрымлiвалi яго: мячык павiнен быў сустрэць як найменшае супрацiўленне; бiта была ўжо ў другой руцэ — самая доўгая ў параўнаннi з астатнiмi (нiкога не турбавалi законы рычага); яе верхняя частка была абкручаная лейкапластырам. Хуценька зiрнуць на гадзiннiк: тры хвiлiны i трыццаць секунд да свiстка настаўнiка гiмнастыкi — i ён усё яшчэ не мог адказаць на пытанне — як гэта здарылася, што хлопцы з гiмназii Прынца Ота, не супрацiўляючыся, згадзiлiся, каб iх настаўнiк гiмнастыкi судзiў рашаючую гульню? Настаўнiка звалi Бернгард Вакера, але яны клiкалi яго Бен Вакс, з выгляду ён быў меланхалiчны, трохi тлуставаты, пра яго казалi, нiбыта ён платанiчна кахае хлопцаў; яму вельмi даспадобы былi пiрожныя з крэмам i фiльмы-меладрамы, у якiх дужыя хлопцы-бландзiны пераплывалi рэкi, а потым ляжалi на лузе са сцяблiнкаю ў роце, заглядаючы ў блакiтнае неба i чакаючы прыгодаў; Бен Вакс больш за ўсё любiў копiю галавы Антонiя, што стаяла ў ягоным пакоi сярод фiкусаў i палiц з лiтаратурай пра фiзiчную культуру; ён лашчыў гэтую галаву, удаючы, што абцiрае пыл; Бен Вакс, якi называў сваiх улюбёнцаў мiлымi хлопчыкамi, астатнiх жа — шыбенiкамi.