Читать «Бiльярд а палове дзесятай» онлайн - страница 176

Генрых Бёль

— А дзе ты пра гэта ўсё даведаўся?

— У «Якары»; я штодня хадзiў туды i пытаўся ва ўсiх шкiпераў, пакуль не сустрэў аднаго, якi ведаў пра лёс «Ганны-Катарыны».

Шрэла зашмаргнуў фiранку, падышоў да стала i расцiснуў недакурак на попельнiцы. Роберт зрабiў тое самае.

— Мяркую, — сказаў ён, — што мы павiнны зараз падняцца да маiх бацькоў… Хiба што, можа, ты не хочаш узяць удзел у сямейнай урачыстасцi…

— Ды што ты, — адказаў Шрэла, — я пайду з табою, але цi не варта нам дачакацца хлопца? Скажы, а што цяпер, да прыкладу, робiць Швойгель?

— Табе i праўда гэта цiкава?

— Праўда, а чаму ты пытаешся, цiкава мне гэта цi не?

— Цi ў сваiх гатэльных нумарах i пакоях у пансiянатах ты думаў пра Эндэрса i Швойгеля?

— Ага. I яшчэ пра Грэве i Гольтэна: толькi яны не бралi ўдзелу ў нападах на мяне па дарозе дамоў — Дрышка таксама не ўдзельнiчаў… што з iмi? Цi жывыя яны?

— Гольтэн не жывы, загiнуў, - адказаў Роберт, — а вось Швойгель жыве; ён цяпер пiсьменнiк, i, калi ўвечары тэлефануе альбо звонiць мне ў дзверы, я прашу Рут адказваць, што мяне няма дома; ён здаецца мне аднолькава невыносным i бесталковым; мне з iм проста сумна; ён увесь час гаворыць, што вось тут мяшчанства, а тут няма мяшчанства, i сябе, вiдаць, залiчвае, туды, дзе "мяшчанства няма", а што з таго? Гэта проста мяне не цiкавiць; неяк i пра цябе ён пытаўся.

— Ах, а што сталася з Грэве?

— Ён належыць да партыi, але не пытайся ў мяне, да якой; зрэшты, гэта не мае нiякага значэння. А Дрышка выпускае "аўтамабiльныя львы Дрышкi", папулярны тавар, дзякуючы якому ён зарабiў безлiч грошай. Ты не ведаеш, што такое "аўтамабiльны леў"? Ну, пабудзеш тут пару дзён, дык даведаешся; кожны ўладальнiк машыны, якi лiчыць сябе нечага вартым, трымае на заднiх крэслах у машыне такога Дрышкавага льва — а ў гэтай краiне ты не знойдзеш нiкога, хто б не лiчыў сябе нечага вартым… Тут умеюць добра ўбiваць гэта ў галаву; яны прынеслi з сабой з вайны сёе-тое, успамiн пра боль i ахвяры, але сёння яны лiчаць сябе нечага вартымi; цi бачыў ты людзей там, унiзе ў вестыбюлi! Яны iшлi на тры розныя ўрачыстыя вячэры: на вячэру левай апазiцыi, на вячэру Таварыства "Сас'етас" i на вячэру правай апазiцыi… але табе трэба быць сапраўдным генiем, калi ты хочаш вызначыць, хто на якую вячэру iдзе.

— Сапраўды, — сказаў Шрэла, — я трохi сядзеў унiзе, чакаючы цябе; там якраз збiралiся першыя ўдзельнiкi, i я пачуў нешта наконт «апазiцыi»; першыя прыйшлi бяскрыўдныя прадстаўнiкi, можна сказаць, пяхота дэмакратычнай масы, малыя, пра якiх кажуць: "яны не такiя ўжо дрэнныя"; размова ў iх iшла пра маркi машын i лецiшчы; яны казалi адзiн аднаму, што французская Рыўера пачынае рабiцца моднаю, якраз з тае прычыны, што там тлумна, а цяпер, насуперак усялякiм прагнозам, сярод iнтэлектуалаў пачынаюць быць папулярнымi паездкi, арганiзаваныя праз бюро падарожжаў. Як гэта звычайна называюць тут: двухбаковы снабiзм альбо дыялектыка? Ты павiнен растлумачыць мне гэтыя рэчы; ангельскi сноб сказаў бы: "За дзесяць цыгарак прадам Вам сваю бабулю", а тыя, што тут, прадалi б сваiх бабуляў i за пяць цыгарак, бо яны ставяцца таксама сур'ёзна да свайго снабiзму; потым яны гаварылi пра школы: адны былi за гуманiтарны ўхiл, другiя былi супраць; ну, добра. Я прыслухоўваўся да iх, бо вельмi хацеў чаго-небудзь даведацца пра iх сапраўдныя турботы; зноў i зноў паўтаралi яны шэптам iмя зоркi, якую чакалi вечарам гэтага дня. Крэц цi гэта прозвiшча табе што-небудзь кажа?