Читать «Бiльярд а палове дзесятай» онлайн - страница 178

Генрых Бёль

"Адыдзiцеся! Адыдзiцеся!" Гугу стала страшна, i ён прашаптаў: "Бацька…" Дырэктар тады сказаў: "Нам цябе будзе бракаваць, цi гэта так неабходна? Гэтак раптоўна?"; а ён уголас не адказаў, а толькi падумаў: гэта неабходна — гэтак раптоўна, бо час наспеў, i калi Ёхэн паведамiў навiну пра замах, дырэктар забыўся на сваё здзiўленне з прычыны ягонага звальнення; дырэктар успрыняў Ёхэнава паведамленне не з жахам, а з захапленнем, не затрос засмучона галавою, а пачаў пацiраць рукi. "Вы нiхто не можаце сабе ўявiць. На гэткiм скандале гатэль можа цудоўна выйграць. Пасыплюцца буйныя загалоўкi ў газетах. Забойства — гэта табе не самазабойства, Ёхэн… а палiтычнае забойства — не абы-якое. Калi ён не памёр, мы павiнны ўдаваць, што ён ужо нежывы. Вы не можаце сабе ўявiць, тут трэба абавязкова ўвярнуць радок: "Iдзе змаганне са смерцю"; усе тэлефоны ад гэтай хвiлi прашу пераключаць на мяне, каб хто-небудзь з вас не сказаў якога глупства. Божа мой, не рабiце гэткiх няшчасных твараў. Быць спакойнымi, мець на твары выраз лёгкага спачування, якi бывае ў людзей, што мусяць перажываць чыюсьцi смерць, але цешацца са спадчыны, якая iх чакае. Давайце, хлопцы, за працу! Зараз нас засыплюць тэлеграфнымi заказамi на нумары. I трэба ж, акурат пан М.! Вы сабе не ўяўляеце, што гэта значыць! Каб толькi тут не ўлезла якое-небудзь самазабойства. Прашу зараз жа затэлефанаваць у адзiнаццаты пакой: няхай той пан злуецца, няхай нават пакiне наш гатэль — д'ябал, ад феерверку ён павiнен быў бы прачнуцца! Наперад, за зброю, хлопцы!