Читать «Бiльярд а палове дзесятай» онлайн - страница 174

Генрых Бёль

— Хочаш ехаць ужо сёння? — спытаў Роберт.

— Hе, не, не сёння; нумар у гатэлi — гэта якраз тое, што трэба; калi я там зачыняю за сабою дзверы, гэты горад здаецца мне такiм самым чужым, як i любы iншы. У тым нумары я магу ўявiць сабе, што неўзабаве кудысьцi паеду i зноў пачну выкладаць нямецкую мову, у школьным класе, дзе я пасцiраю з дошкi арыфметычныя заданнi, каб крэйдай напiсаць на ёй: "я вяжу, ты вяжаш, ён вяжа; ён вязаў, яна вязала; я буду вязаць"… я люблю граматыку гэтаксама, як люблю вершы. Можа, ты думаеш, што я не хачу тут жыць, бо не бачу нiякiх рэальных гiстарычных шанцаў для гэтай дзяржавы? Мне здаецца хутчэй, што я не магу тут жыць таму, што я нiколi не цiкавiўся i цяпер не цiкаўлюся палiтыкай.

Шрэла паказаў на пляц унiзе i засмяяўся: "Hе тыя людзi, што там унiзе, мяне палохаюць… вядома ж, вядома ж, усё я ведаю i пазнаў iх, убачыўшы там унiзе, — Нэтлiнгера i Вакеру; я не баюся таго, што яны тут, а баюся таго, што там няма iншых людзей; якiх? Тых, што часам вымаўляюць гэтае слова ў думках, няхай сабе нават шэптам; аднаго разу ў Гайд-парку я чуў, як адзiн стары чалавек сказаў: "Калi Вы верыце ў Яго, дык чаму ж не робiце таго, што Ён загадаў?"

Неразумна, нерэалiстычна ўсё гэта, Роберт, цi праўда? "Пасвi авечак маiх", а яны ўзгадоўваюць адных толькi ваўкоў. З чым вы вярнулiся дамоў пасля вайны? З дынамiтам? Знакамiтая цацка; я добра разумею тваю палкую нянавiсць да гэтага свету, у якiм не было месца нi для Фэрдзi, нi для Эдыт, не знайшлося месца для майго бацькi, для Гроля, для хлопчыка, iмя якога мы так i не змаглi даведацца, для паляка, якi падняў руку на Вакеру. Значыцца, ты збiраеш статыстычныя даныя, гэтак як iншыя збiраюць мадоннаў у барочным стылi, ты склаў вунь цэлую картатэку формул, i майму пляменнiку, сыну Эдыт, ужо надакучыў пах вапны: ён шукае формулу сваёй будучынi недзе ў iншым месцы, а не ў залапленых мурах абацтва. Што яму ўдасца знайсцi? Цi зможаш ты даць яму неабходную формулу? Можа, ён прачытае яе на твары свайго новага брата, бацькам якога ты хочаш зрабiцца? Твая праўда, Роберт: бацькам немагчыма быць, iм можна толькi зрабiцца; пра голас крывi — гэта ўсё выдумана, толькi той iншы голас праўдзiвы… з гэтай вось прычыны я так i не ажанiўся: у мяне было замала адвагi, каб паверыць у тое, што я магу зрабiцца бацькам; я не змог бы вытрываць, калi б мае дзецi зрабiлiся мне гэткiя самыя чужыя, як зрабiўся Ота тваiм бацькам; нават успамiны пра маiх мацi i бацьку не дадалi мне адвагi; а ты ж таксама яшчэ не ведаеш, якiмi стануць Ёзэф i Рут, якога прычасця яны пакаштуюць; нават у дачыненнi да дзяцей Эдыт i да сябе самога ты не можаш быць упэўнены; не, не, Роберт, ты абавязкова зразумееш, чаму я не адмаўляюся ад свайго нумара ў гатэлi i не пасяляюся ў доме, дзе жыў Ота i дзе загiнула Эдыт; я не здолеў бы штодня бачыць паштовую скрыню, у якую той хлопец укiдаў цыдулкi-пасланнi ад цябе… там усё яшчэ тая самая скрыня?

— Hе, — адказаў Роберт, — мы паставiлi новыя дзверы: тыя былi ўсе пасечаныя бомбавымi асколкамi, толькi брук каля ўвахода застаўся той самы яго ногi хадзiлi па гэтым бруку.