Читать «Бiльярд а палове дзесятай» онлайн - страница 175

Генрых Бёль

— I ты думаеш пра хлопца, калi ходзiш па гэтым бруку?

— Праўда, — адказаў Роберт, — думаю пра ўсё тое, i, вiдаць, гэта адна з прычын, чаму я збiраю статыстычныя формулы… Чаму ж ты не прыязджаў раней?

— Бо мне было боязна, што горад не падасца мне досыць чужым; дваццаць два гады — iзаляцыя добрая, а хiба тое, што мы маем сказаць адзiн аднаму, Роберт, не змесцiцца на адной паштоўцы? Я ахвотна жыў бы побач з табою, але не тут; мне ўвесь час боязна, а людзi, якiх я тут напаткаў… можа, гэта мне толькi здаецца, але яны не менш дрэнныя, чым тыя, якiх я пакiнуў тады.

— Магчыма, ты i не памыляешся…

— Што сталася з людзьмi, гэткiмi, як Эндэрс? Цi памятаеш ты яго — рыжы такi быў?.. Мiлы хлапчыска, зусiм не гвалтаўнiк — а што рабiлi такiя людзi, як ён, у вайну, што яны робяць цяпер?

— Мажлiва, ты Эндэрса недаацэньваеш: ён быў не толькi мiлы хлопец, але… ён нiводнага разу не пакаштаваў бычынага прычысця — чаму б нам не назваць гэта проста, як тое рабiла Эдыт? Эндэрс цяпер пробашчам, пасля вайны ён прамовiў некалькi казаняў, якiх я не магу забыць; калi б я паўтарыў ягоныя словы, гэта б гучала не надта добра, але калi iх вымаўляў ён, зусiм iншая рэч.

— А што ён робiць цяпер?

— Яго запiхнулi ў такую глухую вёску, дзе нават чыгункi няма, i там ён прамаўляе казанi над галовамi сялян i дзяцей-школьнiкаў; у iх няма нянавiсцi да яго, яны папросту яго не разумеюць, нават на свой спосаб шануюць яго як пачцiвага дурня — хiба ж ён не паўтарае iм увесь час, што ўсе людзi — браты? Яны ўсё ведаюць лепей i, напэўна, пытаюцца самi ў сябе: "Цi не камунiст ён?" Нiчога iншага iм у галаву i не прыходзiць; колькасць звыклых схемаў паменшала; нiхто б не дадумаўся лiчыць твайго бацьку камунiстам; нават Нэтлiнгер не быў такi дурны — а сёння б iнакш твайго бацьку i не назвалi. Эндэрс пасвiў бы з ахвотай авечак, а яму даюць адных казлоў; ён падазроная асоба, бо занадта часта гаворыць пра Нагорнае Казанне; можа, калi-небудзь вырашаць, што гэта ўвогуле пазнейшая ўстаноўка i зусiм яе скрэсляць… нам варта было б наведаць Эндэрса, Шрэла, i калi мы вячэрнiм аўтобусам будзем вяртацца на станцыю, мы будзем везцi з сабою больш роспачы, чым суцяшэння; я лепей пачуваў бы сябе на Месяцы, чым у такой вёсцы… мы наведаем яго, каб папрактавацца ў мiласэрнасцi; вязняў трэба наведваць… а чаму табе ў галаву прыйшоў Эндэрс?

— Проста я раздумваў, каго б мне хацелася ўбачыць; ты забыўся, што я мусiў знiкнуць адсюль, яшчэ не скончыўшы школы; але баюся я тых спатканняў пасля таго як убачыў сястру Фэрдзi.

— Ты бачыў яе?

— Бачыў. У яе лiманадным кiёску на канцавым прыпынку адзiнаццатага трамвая. А ты што, нiколi там не бываў?

— Hе. Баюся, што Груфэльштрасэ магла б падацца мне зусiм чужой.

— Яна была мне найчужэйшая ў свеце, калi я сёння там пабываў; не хадзi туды, Роберт. А з Трышлераў сапраўды нiхто не застаўся жывы?

— Нiхто, — адказаў Роберт. — I Алоiса таксама няма; яны патанулi разам з «Ганнай-Катарынай»; Трышлеры ўжо доўгi час не жылi ў порце; калi быў пабудаваны мост, яны мусiлi пераехаць адтуль: кватэра ў цэнтры горада, якую яны наймалi потым, была для iх зусiм не тое… iм патрэбныя былi вада i караблi; Алоiс хацеў на «Ганне-Катарыне» адправiць iх да сяброў у Галандыю, але пад час падарожжа судна разбамбiлi; Алоiс спрабаваў яшчэ выцягнуць сваiх бацькоў з-пад палубы, але было запозна — вада рынула зверху, i выбрацца яны ўжо не здолелi; шмат часу прайшло, пакуль я натрапiў на iх след.