Читать «Бiльярд а палове дзесятай» онлайн - страница 173

Генрых Бёль

I Гуга таксама мiжвольна трос галавою пасля кожнага ўдару: разагнаныя чары, меншая дакладнасць, парушаны рытм, падчас, калi гадзiннiк даваў такi дакладны адказ на пытанне «калi»: васемнаццатая пяцьдзесят дзве, шостага верасня 1958 года.

— Ах, — сказаў Роберт, — пакiньма гэта; мы ўжо не ў Амстэрдаме.

— Добра, — адказаў Шрэла, — пакiньма гэта, твая праўда. Цi хлопец яшчэ нам патрэбны?

— Вядома, — сказаў Роберт, — мне ён яшчэ патрэбны, але, можа, ты хочаш пайсцi, Гуга? Hе? Застанься, калi ласка, пастаў кii ў стаяк, схавай шары i прынясi нам чаго-небудзь выпiць… ды не, заставайся, сынок; я хачу табе нешта паказаць: паглядзi, вось тут цэлы стос папераў; дзякуючы пячаткам i подпiсам яны сталi дакументамi: толькi аднаго бракуе — твайго подпiсу пад гэтай вось паперай; калi ты паставiш яго, станеш маiм сынам! Цi разгледзеў ты маiх бацьку i мацi, калi прыносiў iм вiно? Яны будуць тваiмi дзядулем i бабуляю, а Шрэла — тваiм дзядзькам, Рут i Марыяна — тваiмi сёстрамi, а Ёзэф — тваiм братам; ты станеш сынам, якога Эдыт ужо не змагла мне падарыць; што скажа мой стары, калi я ў дзень яго нараджэння пазнаёмлю яго з новым унукам, якi мае ўсмешку, як у Эдыт?.. Ты пытаўся, цi гэты хлопец нам яшчэ патрэбны, Шрэла? Ён нам патрэбны, i мы былi б шчаслiвыя быць патрэбнымi яму; больш дакладна сказаць: яго нам бракуе… чуеш, Гуга, нам цябе бракуе. Ты не можаш быць сынам Фэрдзi, але ж ты ўзяў у спадчыну яго дух… Цiха, хлопча, не трэба плакаць; iдзi ў свой пакой i перачытай гэтыя паперы, ды будзь уважлiвы там у калiдоры, сынок!

Шрэла адсунуў фiранку, паглядзеў праз акно на пляц; Роберт падаў яму пачак цыгарэтаў, Шрэла даў агню, i яны абодва закурылi.

— Цi ты яшчэ не адмовiўся ад нумара ў гатэлi?

— Hе.

— Хiба ты не хочаш жыць у нас?

— Яшчэ не ведаю, — адказаў Шрэла, — у мяне страх перад дамамi, у якiх трывала ўладкоўваешся i хутка пераконваешся ў банальных рэчах: жыццё iдзе далей, i час прыносiць замiрэнне; Фэрдзi стаў бы для мяне толькi ўспамiнам, бацька — толькi сном; а мiж тым тут яны забiлi Фэрдзi, i бацька назаўсёды знiк менавiта адсюль; згадак пра iх не знойдзеш нават у спiсах нiякiх палiтычных арганiзацый, бо яны палiтыкай не займалiся; iх не ўспомняць у жалобных песнях жыдоўскай абшчыны, бо яны не былi жыдамi; Фэрдзi, можа, толькi жыве ў судовых архiвах; толькi мы абодва ўспамiнаем пра яго, Роберт, i яшчэ твае бацькi ды стары парцье там унiзе; твае дзецi ўжо не памятаюць яго; я не магу жыць у гэтым горадзе, бо ён недастаткова чужы мне; я тут нарадзiўся, хадзiў у школу; тады я хацеў вызвалiць вулiцу Груфэльштрасэ ад закляцця; я насiў у сабе слова, якое нiколi не вымаўляў уголас, Роберт; нават у размовах з табою; гэта адзiнае слова, ад якога я чакаю нечага для гэтага свету… я i цяпер не вымаўляю яго, можа, толькi на вакзале, калi ты будзеш праводзiць мяне на цягнiк.