Читать «Бiльярд а палове дзесятай» онлайн - страница 13
Генрых Бёль
— Дык што? — спыталася яна з расчараваннем. — Гуга вызвалiцца толькi пасля адзiнаццацi?
Падняўшы рукi, просячы гасцей да выхаду, у дзвярах-круцёлцы стаяў шафёр аўтобуса авiякампанii, а ў касе яшчэ падлiчвалiся рахункi за надта ж складаныя сняданкi: там сядзеў, напрыклад, нейкi тып, што замаўляў сабе палову смажанага яйка i вельмi абураўся, атрымаўшы да аплаты рахунак, у якiм налiчана было за цэлае; ён з яшчэ большым абурэннем зрэагаваў на прапанову метрдатэля адлiчыць ад усяе сумы кошт паловы яйка, дамагаючыся таго, каб яму ў рахунку быў указаны кошт менавiта паловы яйка. "Прынцыпова настойваю!" казаў ён. Вiдаць, гэты госць рабiў сваё падарожжа вакол свету толькi дзеля таго, каб калекцыянiраваць рахункi, у якiх зазначана плата за палову смажанага яйка.
— Калi ласка, — сказаў парцье. — Першая вулiца налева, потым другая направа, трэцяя — зноў налева, а пасля, шаноўная панi, вы ўбачыце шыльду: "Да рымскiх дзiцячых магiлак".
Нарэшце шафёр аўтобуса авiякампанii здолеў сабраць усiх сваiх пасажыраў, нарэшце ўсе настаўнiцы ведалi, кудою iм iсцi, а ўсе тлустыя дварнякi былi выведзеныя на вулiцу, туды, дзе яны маглi справiць сваю патрэбу. Але госць у пакоi нумар адзiнаццаць усё яшчэ спаў, ужо шаснаццаць гадзiн, павесiўшы звонку на дзвярах шыльду "Прашу не турбаваць". Няшчасце цi то ў адзiнаццатым, цi то ў бiльярдавым пакоi; звыклы цырыманiял сярод iдыёцкага вэрхалу, выклiканага ад'ездам гасцей; зняць ключ з дошкi, адчуць дотык далонi, зiрнуць у бледны твар, на чырвоны шнар над пераноссем, пачуць Гугава: "Як заўсёды?", убачыць кiвок галавы: бiльярд ад паловы дзесятай да адзiнаццацi. Але гатэльная ўнутраная iнфармацыйная служба не магла яшчэ нiчога паведамiць пра магчымае няшчасце альбо нейкi грэх: гэты чалавек напраўду ад паловы дзесятай да адзiнаццацi гуляў у бiльярд, сам з сабою, пiў каньяк, ваду, казаў Гугу распавядаць пра сваё дзяцiнства, не злаваў нават, калi пакаёўкi цi прыбiральшчыцы, iдучы з бялiзнаю да лiфта, спынялiся каля адчыненых дзвярэй, заглядвалi ў пакой; заўсёднiк гатэля тады адрываў позiрк ад бiльярдавых шароў i ўсмешлiва паглядаў на iх. Hе, не, ён зусiм бясшкодны.