Читать «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8» онлайн - страница 9

Васіль Быкаў

Без гаспадароў сад нядоўга жыве.

Неяк зімой у школьную пару я захварэў.

Вядома ж — прастуда. Ногі заўсёды мокрыя ў худых чаравіках, на плячах — сьвітка ды сарочка, пакуль дабяжыш да Кубліч, акалееш добра. А і ў школе халаднавата. Дужа кашляў, асабліва ўначы. Бацька лаяў: я ж казаў, ня бегай, сядзі лепш дома, дык трэба табе на лёд, у сьнежкі, з мальцамі. Цяпер во кашляй!

Як ужо добра зьлёг, з тыдзень не паднімаўся, бацька прывёз з Кубліч фельчара Дашкевіча. Той паслухаў грудзі праз трубку, сказаў ляжаць, на двор не хадзіць. Выпісаў мікстуру ад кашлю. Так я праляжаў, мабыць, зь месяц. Бы нічога не балела, але кашаль біў няшчадна, у грудзёх хрыпела. І нічога не хацелася есьці. Якраз выдалася нішчымная пара, запусьцілася карова. Ні малака, ні мяса. Адна бульба і капуста. Памятаю, бацька з маці раніцой гавораць: мусіць трэба зарэзаць авечку, бо Васька не паправіцца, нічога ня ёсьць… А я аж спалохаўся, бо любіў тую авечачку (было іх усяго дзьве). Кажу: ня трэба рэзаць, я папраўлюся.

Авечку не зарэзалі, але Васька папраўляўся дужа паволі, ледзь-ледзь. Мама плакала, яна ўжо пахавала гады тры таму старэйшую дачку, Антаніну, што памерла таксама праз прастуду. Памятаю, ляжала 16-гадовая дзяўчынка на стале ў вянчальным строі (што маці некалі ўбіралася на вянчаньне), і мяне дужа дзівіла тое ўбраньне. Усе плакалі. А я ня плакаў — быў малы і не разумеў, што такое сьмерць.

Вялікае сьвята здаралася ў школе, калі раптам абвяшчалі, што пасьля трэцяга ўроку будзе кіно. На жаль, тое выдаралася рэдка, можа, раз у чвэрць, і разам для ўсёй школы. Бы мурашнік, вясёлыя і дурасьлівыя, мы высыпалі на двор, дзе строіліся ў калону і з настаўнікамі, радасныя і ажыўленыя, кіравалі ў ДСК (Дом сац[ыялістычнай] культуры). Ужо ўсе ведалі, якое будзе кіно (пра вайну пераважна), рассаджваліся на лаўках і чакалі, калі выключыцца сьвятло і застрыкоча апарат. Пачатак фільму зачароўваў, усе заміралі, хапаючы зрокам тытры. У нямых фільмах гэтых тытраў было шмат. Трэба было пасьпяваць іх чытаць і глядзець за падзеяй. Фільмы ўсе падабаліся, тады не выпадала «кепскіх» фільмаў. Ідучы дахаты, абмяркоўвалі, спрачаліся. Уночы некаторыя моманты сьніліся — кіно працягвалася.

Тады, як я хварэў, якраз паказвалі «Чапаеў», і я яго прапусьціў. Шкадаваў шмат год, то была найбольшая, можа, крыўда школьных гадоў. Але хто вінаваты? Такі выдарыўся лёс.

Часам, хоць і рэдка (мабыць, яшчэ да калгасаў), кіно прывозілі і ў вёску. Між вокнаў нацягвалі белую палатніну, прыносілі лаўкі. Між імі ў парозе ставілі апарат з двума коламі, да лаўкі прыладжвалі дынаму, якую па чарзе круцілі маладыя мальцы. Малышня ўпокат клалася пад экранам і ўпівалася ў яго позіркамі. Стужка нярэдка рвалася, кінамэханікі там поркаліся, абразалі, клеілі. Абрэзкі кідалі на падлогу, і дзятва іх хапала. Пасьля мы разглядвалі іх на сьвятло, тое было ня менш цікава, чым увесь фільм цалкам.

Позьняй восеньню зь пятай клясы езьдзілі ў Вушачу на зьлёт ударнікаў. Ехалі ўтрох з настаўнікам Жырковым на фурманцы. Было сьцюдзёна (ці не з таго і захварэў), добра прамёрз. Настаўнік з жалем глядзеў на мяне і суцяшаў: я таксама некалі ехаў у горад во ў такой рудой сьвітцы… У Вушачы нас прэміявалі[: ] Сьвярдлова Мэера — фотаапаратам, а нас зь яшчэ адным вучнем — каляровымі алоўкамі ў прыгожым пэнале.