Читать «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8» онлайн - страница 7
Васіль Быкаў
На рыбу я ўстаю на зары і — на возера. Вядома ж, Белякоўскае (так мы яго завем). Каб ня йсьці праз Саўчонкі, дзе нядобрыя рабяты (могуць пабіць), узьлязаю на гару ля Саўчонак-Гараняў, адтуль сьцежкай праз алешнік да возера. Чарвякі тут жа, у беразе. Настае вялікая пільніца — я і паплавок, нічога больш не існуе. Першая паклёўка, кругі па вадзе. Але паклёўка — яшчэ ня рыбіна. Рыба клюе вельмі ашчадна, баючыся ці што. Сонца ўскочваецца над лесам, прыгравае плечы ў кашулі, а ў мяне толькі дзьве платвічкі. Да абеду, можа, чатыры. Мяняю месца, хаджу сюды-туды па беразе. Месцаў, здатных для рыбалкі, тут, аднак жа, няшмат — усё трысьцёг, гарлачыкі. Бяда, калі адарвецца кручок. Бывае, што ён апошні.
Пад полудзень на бераг прыходзіць хто-небудзь з навакольных вёсак, мала знаёмы. Здаля чую размову: хто то вудзіць? — Ды гэта Ладзімераў малец. З Бычкоў… Значыць, ведаюць. Але я ня ведаю, добра гэта ці не. Можа, лепш, каб ня ведалі. Бо, кажуць, вудзіць рыбу ня можна. Лавіць можна толькі дзяржаўным рыбакам. Я ж — не дзяржаўны.
Намокшы моцна зьнізу, нарэшце вылязаю з вады, адкасваю мокрыя штаніны. Хочацца есьці. Улоў мой — пяток платвічак і адзін акунёк. Панясу маме, хай сасмажыць.
Ускараскваюся на гару пад Саўчонкі. Тут у крайняй хаце жыве мой аднаклясьнік Мішка Саўчанка. Але ён — нейкі чужы. Дружыць з іншымі хлопцамі.
Добра на возеры, але ж заўтра — на пасту. Падышла радоўка.
Паста — мой самы нялюбы абавязак.
Радоўка прыпадае кожнага тыдня. Вёска невялікая, кароў няшмат. Статак пасуць па два пастухі на дзень. Гэты абавязак дапякае штогод — ад вясны да позьняй восені. Праўда, у школьную пару — толькі пасьля заняткаў, а ўлетку — дзень цэлы. Ад зары да зары. Дужа не хацелася ўставаць рана, мама будзіла колькі разоў. Урэшце зьлязаў зь сена ў паветцы, сонны выганяў кароўку. Колькі памятаю, была ў нас Акулярка, рабая, чорна-белая кароўка з плямамі, бы акулярамі, на вачох. Яна карміла сям’ю гадоў дзесяць. Скончыла свой век у вайну, калі яе забралі партызаны — на ўласны пракорм.
Пасьвіць жывёлу не было дзе — уся зямля была занятая пад культуры. Заставаліся парасьнікі, раўкі, пералескі. Трэба было бегаць і бегаць, каб не разбрыліся каровы. Трохі лягчэй рабілася, як пачыналі жаць-касіць — тады на пожнях і ржэўніку. Ногі былі ўсе паколатыя, балючыя. Раніцой (пад восень асабліва) дапякалі росы — сьцюдзёныя, золкія. Ад іх лыткі браліся болькамі. Доўга не гаіліся.
Улетку ганялі жывёлу на паўдзён. Тое давала гадзіны тры перадыху ад палявой гарачыні. А пасьля зноў — у поле, да захаду сонца.
Бацькі ў той час — абодва на полі. Касьба, сушка, звозка сена. Затым — жаць. Бабы ў белых хусьцінках скрозь па полі. Снапы ставілі ў бабкі, так дасыхала збожжа. Звозіць сена даручалі старэйшым хлопцам — тое было цікава. Асабліва сядзець высока і пазіраць адтуль на абшары. Але ж дарогі… Аднойчы і я пакіраваў канём з брыкай. Ды на павароце з дарогі ў вуліцу крута падвярнуў брыку і абярнуўся. Дужа спалохаўся. Брыгадзір, аднак, ня лаяўся. Толькі болей мне таго не даручаў.