Читать «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8» онлайн - страница 10
Васіль Быкаў
То было маё першае падарожжа за межы вёскі і Кубліцкай школы.
Другое сталася ўлетку, як ехаў у піянэрлягер у Стайкі. Стайкі былі пад Леплем, лягер — у вясковай школе. Мне сказалі яшчэ вясной, што паеду туды, і я чакаў месяц ці болей. Урэшце сабралі ў Кублічах вучняў шэсьць, у тым ліку мяне і знаёмага ўжо вучня з старэйшай клясы Мэера Сьвярдлова. Да Вушачы везьлі фурманкай, а адтуль да Лепля — грузавіком. Дарога дужа прыгожая — лес, азёры, і вецярок у твар. Тое ўражвала.
Лягер ня надта спадабаўся — арганізаванасьць, лінейкі, фіззарадкі. Чытаць было што, але на тое не было часу — скрозь мерапрыемствы. Затое кармілі добра. Пасьля вясковай галадоўкі мы ўсе елі кашу з хлебам, над чым пасьміхаліся «гарадзкія», і мне было сорамна. Чамусьці ня памятаю вялікай радасьці ад таго лягеру, якога я так чакаў. Хіба дарога туды. Якая была назад — не запомнілася.
Вялікі клопат для бацькоў (дый для нас) была апратка і абутак. Асабліва апошні. Зімой, бывала, на золку сплю і чую, як бацька калупаецца над маімі башмакамі — зашывае, падбівае — рамантуе. Калі зусім не было як рамантаваць, ягоны сын надзяваў калодкі або апоркі, што надта сарамаціла яго. Але інакш не выпадала. Тое ж і з вопраткай. Новую кашулю ці штаны пашыць не было з чаго — у крамах не прадавалася, а свайго (зрэбнага) наткаць было немагчыма — лён увесь забірала дзяржава. Памятаю, аднойчы пад восень мама пашыла мне новую сарочку зь дзьвюх белых (у кропачку) жаночых хусьцін з абрэзанымі шлячкамі. Але ў адным месцы шлячок вылез і стаўся для мяне сарамлівай пакутай.
У сёмай клясе маці справіла мне пінжак, які пашыла яе сяброўка ў Кублічах Рыва (Рывітка). Для таго трэба было астрыгчы авечак, расчасаць воўну (часалі ў Кублічах мы з мамай). Я круціў часальную машыну. Пасьля мама прала, а затым фарбавала ніткі і ткала — кросны былі здаўна, толькі стаялі бяз справы пад сьцяной. У тым пінжаку я хадзіў два гады ў школу, фатаграфаваўся на пашпарт. І зьняў толькі, як той прадраўся — на локцях пераважна.
Прынялі ў піянэры, выдалі чырвоныя гальштукі з прыгожымі мэталічнымі зашпількамі, якія нам дужа падабаліся. Болей за гальштукі. Але бабы ў вёсцы сьмяяліся, а некаторыя і лаяліся, казалі: бязбожнікі. Дык мы да Кубліч гальштукі хавалі ў кішанях, зашпільваючы на паваротцы да школы. Пасьля заняткаў там жа зьнімалі.
У Кублічах, як у кожным беларускім мястэчку, тады было шмат яўрэйскіх дзяцей, зь якімі мы разам і вучыліся, і сябравалі. У нашай клясе палова вучняў былі яўрэйскія рабяты. Я сябраваў з братамі Сьвярдловымі — Мэерам і Лейбам. Мэер быў старэйшы, ішоў на дзьве клясы наперадзе, а зь Лейбам мы хадзілі ў адну клясу. Загінуў мой Лейба-Лёва ў [19]41-м годзе, расстраляны разам з усімі кубліцкімі яўрэямі ў Вушачы, а Мэер жыў у Маскве, працаваў на нейкай паштовай скрынцы. Неяк прыязджаў у Менск, і мы разам езьдзілі ў мястэчка нашага маленства, дзе не засталося і сьледу ад хаты Сьвярдловых. Ды і наогул мала што засталося ад Кублічаў — усё пабамбілі, папалілі, панішчылі ў вайну… А колісь гэта было слаўнае старажытнае мястэчка, пазначанае на картах XVI стагодзьдзя, з праваслаўнай царквой (былой уніяцкай), у якой мяне хрысьцілі і дзе я пазнаў першае прычасьце. У Кублічах нарадзіўся Вярыга-Дарэўскі, вядомы літаратар, удзельнік паўстаньня Кастуся Каліноўскага. Была таксама сінагога, школа і нават пажарня побач з царквой, аптэка, кузьня. Галоўнае месца, аднак, ля кірмашовай плошчы займаў чырвоны цагляны будынак межавой камендатуры. Сьпярша ён проста прымыкаў да плошчы, затым яго абгарадзілі высокім дашчатым плотам з колам на рагу — у выглядзе турэлі, да якой прыладзілі ручны кулямёт. У 30-я гады пабудавалі новую, неблагую школу, але садралі крыжы з царкоўных купалоў, каб тыя нельга было згледзець з-за мяжы, бо ж — арыенціры для «міравой буржуазіі», якая толькі і цікуе, каб разбурыць Кублічы. Але бурыць іх пачалі самі. Усё царкоўнае майно сканфіскавалі або проста расьцягалі ваяўнічыя атэісты, якімі абавязаны былі быць усе піянэры, камсамольцы, бальшавікі, настаўнікі і актывісты. I мы[,] піянэры-актывісты, цягалі з царквы і дралі старажытныя фаліянты, клеілі з царкоўных рукапісных пэргамэнтаў папяровых зьмеяў, якія запускалі ў ветраныя дні. З царкоўных жа рызаў раённы быткамбінат пашыў цюбіцейкі, у якіх шмат гадоў хадзілі ўлетку нашыя хлопцы. У першы год вайны ўсё яўрэйскае насельніцтва акупанты выгналі ў Вушачу і расстралялі ля могілак. Перад вызваленьнем Кублічы былі ўшчэнт разбамбаваны і спалены. Цяпер гэта захудалая вёска зь некалькімі сілікатнымі будынінамі на пачатку.