Читать «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8» онлайн - страница 11

Васіль Быкаў

Так, рэлігійна-хрысьціянскія традыцыі марнелі, цэрквы, касьцёлы зачыняліся, сьвятароў саджалі. Але заставалася прывабнасьць старажытных традыцыяў — Калядаў, Дзядоў, Купальля. Асабліва Купальля. У ноч на 7 ліпеня вясковая моладзь, якой тады было куды больш, чым цяпер, ладзіла смаляное кола ці якую дзягцярную карчашку і на пагорку за хатай Галавачоў запальвала яе на высока ўзьнятай жардзіне. I тут жа ўсе разьбягаліся, хто куды. Неўзабаве з Кубліч скакаў конны памежны нарад, скідваў і тушыў тую карчашку. Памежнікі лаяліся[: ] паліць агонь на Купальле забаранялася. Чаму? Таму! — быў лаканічны адказ.

За лесам (парасьнікамі) знаходзілася яшчэ адно мястэчка — Селішчы. То ўжо быў каталіцкі цэнтар рэгіёну — зь вялікім касьцёлам, кляштарам, крытым бліскучай белаю бляхай, якая была відаць аж з нашага поля. Там круглы год зелянелі хвоі на каталіцкіх могілках з дужа файнымі мармуровымі помнікамі і надпісамі лацінкай. У сярэдзіне могілак між хвояў высілася белая мармуровая скульптура анёла-дзяўчыны — вядома ж, на магіле памерлай. Мы дужа баяліся таго помніка, ня ведаю чаму.

Цяпер Селішчы — таксама захудалая вёска з пабураным касьцёлам і бязладнымі могілкамі.

Кублічы да вайны былі сельсавецкім цэнтрам, а Вушача — раённым. У маім тагачасным уяўленьні то было ўжо горадам, далёкім і зманлівым — з клубам, сталоўкамі і нават кнігарняй. У кнігарні вісела знакамітая карціна Зайцава (рэпрадукцыя, вядома) — «Чапаеў на кані», — у бурцы, з апушчанай бліскучаю шабляй. Захапляла натуральна выпісанае неба (тады яшчэ гэтак умелі) з прыгожымі аблокамі, і я, зрэдчас бываючы ў Вушачы, заходзіў у кнігарню палюбавацца на Чапаева.