Читать «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8» онлайн - страница 6
Васіль Быкаў
Калі замярзала балота, у школу хадзілі наўпрасткі — па алешніку, цераз пагорак і далей на балота. Там трэба было абысьці хамлачок алешніку з дрыгвяністай асакой, перабрацца цераз зарослую аерам рачулку і ўскараскацца на крутаваты схіл перад Кублічамі. Шлях быў цяжкі, але цікавы: на балоце трапляліся зайцы, можна было спугнуць курапатак у асацэ. Аднойчы ў зімовых прыцемках мне трапіўся воўк, нейкі час мы зь ім ішлі ў адным накірунку, я — па сьцежцы, а ён зводдаль па цаліку. Пасьля разышліся — кожны сваёй дарогай.
На балоце перад школай разьлеглася невялікае азярко, недаступнае ўлетку, затое дужа цікавае восеньню, як пакрыецца тонкім празрыстым лёдам. Там можна было пакоўзацца ўранку, дасьледаваць, што на неглыбокім тваністым дне. На дне дзе-нідзе, ледзьве варушачы плаўнікамі, драмалі язі ды шчупакі. Варта было прадзяўбсьці паціху невялічкую палонку і скіраваць на рыбіну зробленыя з тоўстага дроту восьці, як тая рабілася тваёй хвалюючай здабычай. Тым звычайна займаліся некаторыя старэйшыя хлопцы, малым дазвалялася хіба паназіраць зблізку.
Лета, лецечка, лецейка…
Лета чакалася, марылася, набліжалася ў думках-мроях. А яно марудзіла, вясна доўжылася. Вясна — таксама няблага, але ж — школа. Іспыты-экзамэны кожны год, за кожны клас. Ізноў жа — бясхлебіца, шчаўё ды крапіва. Траўнікі, ад якіх баліць у роце.
Ды во нарэшце школа ззаду, падручнікі — на паліцу. Лес ужо апрануўся ў лістоту, вакол зелена. Крыху кепска — бяз школы няма кніжак, чытаць няма чаго. Затое — воля і — возера. Наладжваем вуды. Кручкі здабылі загадзя, ёсьць пару з вушкамі, а то цяпер у крамах — толькі з пляскатымі канцамі. Тыя дрэнна трымаюцца ў валасянай, зьвязанай вузялкамі лесцы. Тую «леску» вяжам з валасоў, выдраных з хваста белай кабылы. На жаль, яна адна ў калгасе — белая. Брыгадзір сварыцца… Але брыгадзір увогуле добры, Антон Стрыжонак, і сварыцца ён нязлосна.