Читать «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8» онлайн - страница 5
Васіль Быкаў
Школа ў вёсцы арганізавалася на мяжы 30-х гадоў, сьпярша гэта была пачатковая школка ў сялянскай хаце. Хата тая і дасюль стаіць, пасьля вайны ў ёй жыў мой брат Мікола. А тады гаспадары проста перасяліліся ў трысьцен, а большы пакой аддалі пад школу. Там паставілі два даўгія сталы і сабралі чалавек пятнаццаць вясковай драбнаты. Настаўнікам быў Антон Васільевіч Аўласенка зь вёскі Дарошкавічы. Дарэчы, ягоная дачка жыве ў Менску, замужам за старэйшым Машэравым. Сталася так, што ўсе мае сябры былі старэйшыя за мяне і пайшлі ў школу раней, а мне толькі шэсьць год. Сяджу адзін дома, а ў школе штось адбываецца цікавае, і я таксама хачу туды. Тады аднойчы бацька ўзяў мяне за руку і павёў да настаўніка. Пагаварыў зь ім, і Антон Васільевіч кажа: хай ходзіць. Даў мне сшытак, пяро, а Валодзя Галавач, зь якім я хадзіў на возера, павёў на замерзлае балота, акуратна зрэзаў ножыкам чарацінку, уставіў туды пяро. I пачаў я вучыцца.
Відаць, да гэтага часу (а можа, трохі раней) адносіцца маё знаёмства з мастацкай літаратурай. Яшчэ чытаць ня ўмеў, і першы мастацкі твор мне прачытаў бацька. Гэта быў знакаміты «Гой» Міхася Лынькова («I плакала Рыва…»). А ў школе неяк прынёс настаўнік некалькі дзіцячых кніжак, пачаў раздаваць для чытаньня — на табе, на табе… Мне дасталася тоненькая кніжачка, казка «Царэўна-лягушка», а Валодзю — «Канёк-гарбунок». Гэта была мая першая школьная крыўда: не хацеў я чытаць пра «лягушку» — хацеў пра каня-гарбунка. Абдзяліў лёс на першым этапе. У другую клясу пайшоў ужо ў іншую вёску — у Двор-Слабодку. Гэта трошкі далей, але школа там была лепшая, у былой панскай сядзібе. Пад школу адвялі палову панскага дома з вэрандай, кафлянай грубкай і вялікімі вокнамі. Вучыў нас малады настаўнік Сьцяпан Рыгоравіч Троцкі, а таксама ягоны калега Крацёнак. Першы цяпер на пэнсіі, доўга працаваў у Браславе. Тады быў вясёлы, нязлы, мы яго любілі.
Ён вучыў, здаецца, адну зіму. Пасьля прыйшоў іншы — Сяргей Сьцяпанавіч Новікаў, паходжаньнем з нашае вёскі. Гэты ўжо быў супрацьлегласьць ранейшаму, — даволі строгі чалавек, парцеец, ён арганізоўваў калгасы ў нашай акрузе і загінуў у партызанах, у час знакамітага разгрому, названага пасьля «прарывам». У яго была свая, партыйная сістэма навучаньня: вельмі ён напіраў не на мову ці арыфмэтыку, а на грамадазнаўства, на гісторыю таксама. У пакоі, дзе мы вучыліся, было дзьве клясы — два шэрагі партаў. Калі ў адной клясе ішоў вусны ўрок, дык у іншай — пісьмовы, значыць, самастойны. Ды бывала так, што я свае задачы хуценька парашаю і сяджу, слухаю, пра што ідзе гаворка ў старэйшай клясе. Неяк сталася, што некалькі разоў, калі там ніхто ня мог адказаць на нейкае пытаньне настаўніка (памятаю, нешта пра Парыжскую камуну), дык я паднімаю руку, і Сяргей Сьцяпанавіч мяне выклікае, а пасьля сарамаціць старэйшых за тое, што яны ня ведаюць. Вось так я паактыўнічаў пару разоў, і настаўнік кажа: няма чаго табе там сядзець, перабірайся сюды. Так сярод зімы ён перавёў мяне ў чацьвертую клясу. Хаця тое мне не пайшло на карысьць. Бо скончыў я чатыры клясы ў дзесяць год, а што далей? Сярэдняя школа ў Кублічах, за тры кілямэтры, дык бацька і кажа: «Куды табе, малому, далёка хадзіць? Хадзі зноў у Слабодку». I пайшоў я зноў у чацьвертую клясу, абы вучыцца. Значыць, у трэцюю клясу хадзіў паўгода, а ў чацьвертую — два гады. Пасьля пайшоў у Кублічы, дзе была сярэдняя школа і куды хадзілі хлопцы і дзяўчаты з усяе акругі.