Читать «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8» онлайн - страница 3
Васіль Быкаў
Калісьці над возерам ля вёскі Белякоўшчына стаяў маёнтак пана Рудаміна (дарэчы, славуты род часоў ВКЛ), у якім колькі год мясьцілася школа. Пасьля школу перавялі ў Двор-Слабодку, а Рудамінаў маёнтак разабралі на бярвеньне і перавезьлі ў Вушачу пад райвыканкам, які там і быў да самай вайны. Возера без жытла асірацела, хаця недалёка былі вёскі — Саўчонкі-дольнія і Саўчонкі-гаране. Цяпер пра іх сьведчаць толькі аброслыя маліньнікам камяні падмуркаў. Далей па рэчцы была вёска Вітава з мастом, грэбляй і мураваным млынам. Вітава і млыну даўно няма, але вёска Чарапоўшчына на гары пакуль што стаіць, прытуліўшыся да зьдзічэлага саду і дамоўкі пана Маліноўскага. Яшчэ ў 20-я гады то была здатная будыніна з вэрандай, зашклёнай разнаколернымі шкельцамі, а галоўнае — з мэталічнай вінтавой лесьвіцай на другі паверх. I тое ды іншае дужа захапляла дзятву, мы бегалі туды паглядзець хоць знадворку. У сярэдзіну не пушчалі, там была важная ўстанова — сельсавет, на ганку якога тупаў міліцыянт з наганам на баку.
2. Бацькі. Школа. Кублічы
Пра дзядоў-прадзедаў ведаю няшмат, мабыць, мала захавалася пра іх у нашай сямейнай памяці. Ці, можа, бацькі ня мелі патрэбы распавядаць пра іх дзецям. Сьпярша тое насамрэч было малым нецікава, а пасьля не было каму слухаць. Ведаю толькі, што адзін дзед быў патомны рыбак, усё жыцьцё лавіў рыбу. Тую справу перадаў сыну, брату маёй маці — Лявону, які таксама лавіў рыбу. Другі дзед быў селянін-адыходнік, сэзонна рабіў на прамысловых прадпрыемствах у Курляндыі, там жа пад канец жыцьця выбіўся ва ўпраўляючыя цагельнага завода. Баба жыла ў вёсцы, але рана памерла, вялікіх уражаньняў па сабе не пакінула. Бацька Уладзімер Хведаравіч у маладосьці нямала пабадзяўся па сьвеце і толькі на старасьці жыў у роднай вёсцы. Як цяпер пагляджу, гэта, можа быць, самае нешчасьлівае пакаленьне, якое за ўсё свае жыцьцё долі ня знала. Адно бязладзьдзе, рэвалюцыі, войны. Ды калектывізацыя. Ды барацьба з ворагамі народу… Голад, кроў і пакуты.
Зямлі было мала, казалі тады — два надзелы, дык бацька кожнае лета хадзіў у адыходнікі — на цагельныя заводы ў Латвію, пасьля служыў чатыры гады ў царскай арміі, у Горадні, дзе, дарэчы, пасьля і мне давялося жыць. Толькі прыйшоў са службы, пачалася Першая сусьветная вайна, быў змабілізаваны ў самсонаўскую армію, недзе ў Аўгустоўскіх лясах трапіў у палон і апынуўся ў Нямеччыне. Працаваў у баўэра. У палоне, казалі, было па-рознаму, як дзе і каму. На заводах і ў шахтах дык дужа кепска, а ў прыватных гаспадароў, здаралася, і нішто. Канешне, трэба было працаваць, але немцы кармілі, апраналі, неяк клапаціліся аб працаўніках, ня тое, што пасьля на радзіме, у калгасах. Бацька часта ўспамінаў свой палон добрым словам, што ў мяне, вечна галоднага падлетка, выклікала непаразуменьне і зайздрасьць. Яшчэ бацька быў на грамадзянскай вайне, наступаў на Варшаву. А перад тым палякі наступалі на нас, у ваколіцах вёскі адбыўся бой, было шмат забітых з абодвух бакоў. Тое месца, дзе ляжалі забітыя, пасьля доўга называлі Бітаю пожняй.