Читать «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8» онлайн - страница 299

Васіль Быкаў

Танк, які ледзьве не раздушыў мяне, быў, можа, у метрах 50-ці наперадзе, і тады недзе там узьнікла імклівая постаць, яна размахнулася — і на брані танку выбухнула. Як чалавек размахваўся, я згледзеў на ім палявую сумку і зразумеў, што гэта быў лейтэнант Міргарад. (Здаецца, гэта было апошняе імгненьне, калі я яго бачыў. З таго стэпу ён ужо не вярнуўся.) Танк спыніўся, на яго браню зь люку выскачылі два танкісты, я ўсё ж выпусьціў па іх кароткую чаргу, аўтамат не страляў болей.

Немцы, аднак, прамінулі нас, яны кіравалі ўбок, туды, дзе былі сьцірты. Да мяне прышкандыбаў баец з нашай роты, у якога нерухома вісела прастрэленая рука, ён дапамог мне дабрацца да гусьцейшых зарасьцяў кукурузы. Беручы ўбок, мы доўга прадзіраліся зь ім па кукурузе, слухаючы, як грыміць побач бой. Апоўначы выбраліся на нейкую палявую дарожку, дзе нас напаткала фурманка з параненымі і дзяўчынай-санінструктарам. Тут упершыню я зьдзеў бот і выліў зь яго з паўлітра крыві. Санінструктарша перавязала нагу. Палявая дарожка вывела нас са стэпу ў сяло, пасярод якога ля царквы быў зборны пункт параненых.

У хаце я правёў цяжкую ноч. Толькі задрамаў на лаве, нехта будзіць; гляджу, нада мной стаіць камандзір батальёну, пытаецца: куды паранены? Кажу, у нагу. Ён сказаў, што батальён разгромлены. Цяпер зьбірае яго рэшткі. Мабыць, ранкам нямецкія танкі ўвойдуць у сяло.

Пад ранак у хату прыбіўся знаёмы па вучылішчы малодшы лейтэнант, зь якім мы зрабілі спробу выбрацца з гэтага сяла. Але на гародах ён быў цяжка паранены ў горла і памёр у мяне на руках. А пасьля сяло атакавалі нямецкія танкі.

Сьпярша яны са стэпу пачалі абстрэльваць мазанкі, нашы кінуліся на грэблю і далей па лагчыне. Параненыя, хто мог, распаўзьліся з хаты. Я выпаўз, мабыць, апошні, падабраўшы кінутую кімсьці супрацьтанкавую гранату. Яна мне здорава дапамагла, калі я замахнуўся на вуліцы на апошнюю фурманку, што ўцякала зь сяла. Тая фурманка пад танкавым абстрэлам давезла мяне да суседняга сяла, дзе на пагорку нейкі камандзір ладзіў абарону і ўсіх уцекачоў клаў у ланцуг. Лёг і я. Да вечару мы вялі бой з танкамі. Ззаду падышлі нашы трыццацьчацьвёркі, яны нам дапамаглі, і ўвечары параненыя сышлі з пагорка ў сяло.

Абудзіўся ўранку, мой сусед усё ляжаў побач, але я адчуў, што, здаецца, ён нежывы. Салома поруч была мокрая ад крыві. Ужо разьвіднела, і я дужа зьдзівіўся, згледзеўшы, што гэты нежывы — нямецкі афіцэр, обэр-лейтэнант, мяркуючы па пагонах. У хаце болей нікога не было, не чуваць было і бой у сяле. Толькі недзе гулі машыны і чуліся гранатныя выбухі.

І тут мне здалося, што ў сяле немцы.

Зрэшты, так яно і было. Яны ўжо ехалі і ішлі па вуліцы, зазіраючы на падворкі. Сонца ўзышло над сялом і ярка сьвяціла на сьнег. Я споўз з ложку і выпаўз у сенцы. Тут было цёмна, ля дзьвярэй у куце грувасьціўся засек з бульбай. Я лёг на бульбу і падрыхтаваў свой ТТ.

Доўга чакаць не давялося. Ад групы немцаў, што разбрыліся па вуліцы, аддзяліўся адзін і скіраваў на падворак. Адной рукой ён прытрымліваў аўтамат, а другой узяўся за ручку дзьвярэй і прыадчыніў іх. Я бачыў яго твар, яго позірк, мой пісталет быў скіраваны яму ў грудзі зь біноклем. Але я ня стрэліў. А ён мяне, мабыць, ня згледзеў зь ярка асьветленага падворку ў засені, і, кінуўшы расчыненымі дзьверы, вярнуўся да сваіх. Здаецца, яго паклікалі. Так мы падарылі адзін аднаму жыцьцё.