Читать «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8» онлайн - страница 290

Васіль Быкаў

Значыла, вядома, кепскае.

Прыехалі ў Шостку — невялікі гарадок на Чарнігаўшчыне. У ваколіцах убачылі руды, ссохлы лес. Пасьля аказалася, атручаны хімічным заводам. Парахавым заводам. На невялікі горад тры хімічныя вайсковыя заводы. І тыя пашыраліся, разбудоўваліся. Патрэбны былі будаўнікі. На тое нас вучылі. Для таго мы прыехалі.

Зноў жылі ў інтэрнаце, аднапавярховым бараку, і нешта будавалі. Здаецца, жылы дом. Мэханізмаў ніякіх, усё — цэглу, раствор, рыштаваньні — па страмянках, на сабе, у тачках. І — нормы выпрацоўкі. Заробак самы жабрацкі, толькі каб як пракарміцца. У вольны час — грамадзкая камсамольская работа. Мяне абралі сакратаром. Пачаліся планы, сходы, паседжаньні. Не падабалася мне гэта страшэнна. Але мусіў. Вымагалі найперш з гаркаму камсамолу, вядома.

І тут — вайна…

Яна ішла яшчэ недзе далёка, але ўжо празь якіх пяць дзён высока ў небе паявіліся адзінкавыя нямецкія самалёты-разьведчыкі. Аб’явілі паветраныя трывогі. Раздалі супрацьгазы. Праца нашая на будоўлі, аднак, не спынялася. І тут стала ведама, што захоплены Менск. Гэта мяне спалохала: як жа цяпер мне дабрацца дадому — дом пад фашыстам? Але пад фашыстам апынуўся ня толькі дом. Яны ўжо — пад Гомелем.

Усіх нас кінулі кілямэтраў за трыццаць на поўнач ад Шосткі капаць супрацьтанкавыя равы. Працавалі ад цямна да цямна. Гэта была катаржная праца. Роў шырокі, глыбокі. Каб выкінуць зямлю з дна, трэба было яе некалькі разоў перакідаць з прыступкі на прыступку. Працавала маса народу на той бязмозглай непатрэбнай рабоце. Наўрад ці затрымалі сотні і тысячы кілямэтраў тых равоў хоць дзясятак нямецкіх танкаў. Але капалі. Так патрабавалася па савецкай ваеннай навуцы — можа, самай бяздарнай з усіх існуючых вайсковых навук. І сапраўды, вельмі хутка немцы абышлі Гомель, пачалі ахопліваць з поўначы Кіеў. Каб не пакідаць пад немцам моладзь, ваенкаматы прызвалі ўсіх і, сфармаваўшы тысячы людзей у калёны, скіравалі іх у тыл. Нас у дадзеным выпадку — на поўдзень, пад Харкаў.

Усё лета па дзясятках украінскіх дарогаў паўзьлі калёны маладых людзей. Ішлі марудна, скрозь пехатой, харчуючыся чым Бог пашле. Добра, украінскі люд нам спачуваў, давалі хлеб ды іншае, кармілі ў часе начлегаў. Прайшлі гістарычныя мясьціны Кіеўскай Русі — Глухаў, Канатоп, Ахтырку. У Сумах стаў сьведкам зьдзічэлага выпадку, калі натоўп забіў на вуліцы чалавека. Нехта сказаў, што той — шпіён, падаваў сігнал нямецкаму самалёту, які на той час паявіўся высока ў небе. Як падаваў? Нібыта газэткай, што трымаў у руках, нібыта засланяючыся ад сонца. Ды і гамашы на ягоных нагах былі не тутэйшыя — на тоўстай падэшве. А як забілі, вынялі яго дакументы: аказалася, што гэта бежанец са Львова. І тут жа знайшлі позву з ваенкамату. Ішоў, значыцца, у ваенкамат. І не дайшоў.

Моладзь вандравала на ўсход, а немцы тым часам захапілі ўсю Беларусь і падышлі пад Харкаў. Хлопцаў ахапіла паныласьць. Куды ісьці? Зьбіраючыся ўранку пасьля начлегу ў сяле, мы недалічваліся суседзяў. Некаторыя, асабліва ўкраінцы з бліжніх абласьцей, паварочвалі аглоблі назад. Дадому. Нам, беларусам, вяртацца назад ужо не выпадала, і мы ішлі Бог ведае куды. З харчаваньнем рабілася ўсё горш, надта шмат нас было тут, шмат бежанцаў, эвакуяваных, вайскоўцаў, што ішлі з тылу на фронт і з фронту ў тыл. Пасьля аднаго пераходу пад вечар мы ўвайшлі ў Белгарад.